Еўрапейскі саюз узгадніў найбуйнейшае за ўсю гісторыю разавае пашырэнне санкцыйнага спісу супраць Расіі. У яго плануюць уключыць яшчэ 1646 пазіцый. Канчатковае пагадненне паслы краін ЕС аформілі ў Бруселі пасля некалькіх тыдняў абмеркаванняў і юрыдычнай праверкі, паведамляе Euronews.

Новы пакет ахоплівае 743 фізічныя асобы і 826 кампаній і арганізацый, якіх абвінавачваюць у падтрымцы поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну. Асобна ў спіс уключылі 77 дэпутатаў Дзяржаўнай думы, якія ўдзельнічалі ў вераснёўскіх выбарах на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны. Таксама санкцыі ў сферы хімічнай зброі працягнулі ў дачыненні да 31 чалавека і шасці кампаній.
Канчаткова зацвердзіць новыя санкцыі збіраюцца ў панядзелак, калі міністры замежных спраў краін ЕС збяруцца ў Люксембургу. Пасля гэтага будуць апублікаваныя імёны людзей і назвы арганізацый, якія трапілі пад абмежаванні.
Санкцыі прадугледжваюць забарону на ўезд у краіны ЕС, замарожванне актываў і забарону на наданне фінансавання. Дзяржавы ЕС імкнуліся як мага хутчэй завяршыць перамовы, каб прадэманстраваць адзінства на фоне серыі гібрыдных атак у Еўропе, частку якіх звязваюць з Расіяй. Паралельна ўжо пачалася праца над новымі санкцыйнымі ўключэннямі пасля інцыдэнту з беспілотнікам у аэрапорце Лейпцыга ў Германіі.
Яшчэ адной прычынай для дэманстрацыі адзінства стала спрэчнае рашэнне папярэдняга месяца выключыць з санкцыйнага спісу двух вядомых расійскіх алігархаў — Алішэра Усманава і Міхаіла Фрыдмана. Выключэнне Усманава, на якім настойвала Францыя, звязалі з дамоўленасцямі аб вызваленні зняволеных у Азербайджане, у якіх пасярэднікамі выступілі цюркскія дзяржавы, што працяглы час лабіравалі інтарэсы мільярдэра.
Адзін французскі грамадзянін пасля гэтага ўжо быў вызвалены, а другі па-ранейшаму знаходзіцца ў турме.
У абмен на гэтае рашэнне ЕС працягнуў дзеянне санкцыйнага спісу на беспрэцэдэнтны тэрмін — тры гады. У выніку агульная колькасць людзей у чорным спісе неўзабаве павінна наблізіцца да 4650.
Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежнай палітыцы Кая Калас на пачатку тыдня вітала трохгадовае падаўжэнне санкцый. Пры гэтым яна прызнала, што не чакае хуткага вяртання Усманава і Фрыдмана ў санкцыйны спіс.
Калас адзначыла, што краіны ЕС могуць прапаноўваць кандыдатуры людзей, якіх лічаць неабходным уключыць у санкцыйны спіс, але канчатковае рашэнне прымаюць дзяржавы-члены. Паводле яе слоў, яна не бачыць прыкмет таго, што ў дачыненні да Усманава і Фрыдмана такое рашэнне будзе прынята ў бліжэйшы час.
Аліеў пасля зняцця санкцый з Усманава памілаваў асуджанага за шпіянаж француза
Францыя праціснула рашэнне аб зняцці санкцый з Усманава і Фрыдмана
ЕС перамаўляецца аб выключэнні расійскага алігарха Алішэра Усманава з санкцыйнага спісу. Часу зусім няшмат
Санкцыі ЕС супраць Расіі ўдалося працягнуць усяго на тыдзень. Адзінства разбілася аб двух расійскіх алігархаў
Каментары
Потужно!