Зяленскі адмовіўся спыняць удары па расійскіх НПЗ, пакуль Расія атакуе ўкраінскую энергетыку
Прэзідэнт Украіны адказаў Трампу: спыненне ўдараў павінна быць узаемным і падмацаваным гарантыямі.

Уладзімір Зяленскі заявіў 11 кастрычніка, што Украіна гатовая спыніць удары па расійскіх НПЗ пры ўмове, што Масква перастане атакаваць яе энергетычную інфраструктуру.
«Украіна будзе гатовая спыніць удары па расійскіх НПЗ, калі Расія перастане наносіць удары па нашай энергетычнай інфраструктуры», — сказаў ён.
Паводле Зяленскага, любыя крокі па дээскалацыі павінны быць узаемнымі і мець сапраўдныя гарантыі.
Ён таксама заявіў, што спыніць удары па энергетыцы можна ўжо цяпер, але Уладзімір Пуцін гэтага не хоча.
Зяленскі нагадаў пра маштаб расійскіх атак: паводле яго, за тыдзень Расія выкарыстала каля 1450 авіябомбаў, 75 ракет і больш за 1640 ударных дронаў. Раніцай 11 кастрычніка ў Запарожжы завяршылі пошукава-ратавальныя работы пасля ўдару, які забіў 23 чалавекі, у тым ліку чацвярых дзяцей.
Раней Трамп сказаў, што Зяленскі можа рабіць з Расіяй усё, што захоча, аднак ЗША папрасілі Украіну не атакаваць расійскія НПЗ, бо гэта стварае праблемы ўсяму свету.
Амерыканскі прэзідэнт таксама абвінаваціў Зяленскага ў нежаданні заключаць дамоўленасці і заявіў, што Украіне патрэбны новы лідар, здольны дамовіцца.
Каментары