Жанчыны апярэджваюць мужчын у самым экстрэмальным відзе аўтаспорту — тут ездзяць хутчэй, чым на «Формуле-1»
Top Fuel — адзіны элітны клас аўтаспорту, дзе жанчыны рэгулярна апярэджваюць мужчын у барацьбе за галоўныя тытулы. Так, з дзевяці апошніх чэмпіянатаў Еўропы жанчыны выйгралі сем. Чаму? Расказвае Бі-бі-сі.

Top Fuel — гэта самы экстрэмальны від драг-рэйсінгу, які часта называюць самым хуткім спортам на планеце. Дзве машыны імчаць па прамой трасе даўжынёй 305 метраў і менш чым за чатыры секунды разганяюцца да больш як 480 км/г. Перагрузка пры гэтым большая, чым у астранаўтаў на старце ракеты. Рэкордная хуткасць перавышае 558 км/г, тады як у «Формуле-1» рэкорд на Гран-пры каля 372 км/г. Каб спыніцца, ззаду раскрываюцца тармазныя парашуты.
Гэта адзіны элітны клас аўтаспорту, дзе жанчыны рэгулярна апярэджваюць мужчын у барацьбе за галоўныя тытулы. Так, з дзевяці апошніх чэмпіянатаў Еўропы жанчыны выйгралі сем.
Амерыканка Брытані Форс выйграла чэмпіянат ЗША ў 2017 і 2022 гадах і доўга трымала сусветны рэкорд хуткасці.
У гэтым сезоне жанчыны складаюць 20% пілотаў Top Fuel у ЗША і Еўропе, тады як ва ўсім аўтаспорце іх каля 10 %, а на элітным узроўні толькі 4%.
Для параўнання: апошні раз жанчына стартавала на Гран-пры «Формулы-1» 50 гадоў таму.
43‑гадовая Сюзана Калін у верасні на трасе Санта-Под каля Нортгемптана другі год запар стала чэмпіёнкай Еўропы. Яна кажа, што ніколі не адчувала да сябе горшага стаўлення з-за таго, што яна жанчына.
Піянерка жаночага драг-рэйсінгу — амерыканка Шырлі Малдаўні: першая жанчына з ліцэнзіяй Top Fuel і першы ў гісторыі пілот з трыма тытуламі (1977, 1980, 1982). У свой час ёй даводзілася змагацца з варожасцю супернікаў і заўзятараў.
Чаму тут жанчыны выбіліся ў пераможцы? Арганізацыя More Than Equal, якая падтрымлівае жанчын у аўтаспорце, правяла даследаванне. Фізічных ці біялагічных прычын яно не знайшло. Рэч ў іншым.
Тут ёсць прыклады для пераймання. Паспяховыя гоншчыцы з'яўляюцца рэгулярна, і перамога жанчыны ўжо норма, а не сенсацыя. Жанчыны дапамагаюць адна адной на спаборніцтвах.
Для параўнання, юныя гоншчыцы, якія спрабуюць прабіцца ў «Формулу-1», расказваюць, як хлопцы-сапернікі наўмысна выціскалі іх з трасы ў картынгу, і пра сексісцкія каментары.
Плюс спорт даступны. Для пачаткоўцаў ёсць юніёрскія праграмы, адкрытыя піт-зоны і «трэк-дні», дзе можна праехаць на звычайнай машыне. Уваход у спорт значна танней, чым у «Формулу-1», дзе патрэбныя мільёны.
Многія гоншчыкі растуць у гоначных сем'ях. Бацька Калін дагэтуль у яе камандзе, а Брытані Форс — дачка 16‑разовага чэмпіёна NHRA Джона Форса.
У гэтым спорце жанчыны могуць таксама паспяхова працягваць кар'еру пасля нараджэння дзяцей. Калін больш за дзесяць гадоў не выступала, выхоўваючы дачку і падчарак, і вярнулася ў 35. Менавіта тады яе кар'ера рэзка пайшла ўгору. Фінка Аніта Мякеля чатыры разы выйграла чэмпіянат Еўропы, з іх тры пасля шасцігадовага перапынку на дзяцей і сямейную птушкаферму.
Што да бяспекі, то пасля смяротных аварый 2004 і 2008 гадоў правілы ўзмацнілі, у тым ліку скарацілі дыстанцыю. Цяпер абавязковыя вогнеўстойлівыя камбінезоны і абароненая кабіна.
Каментары
Дык і ў чым жа рэч? Ніякай канкрэтыкі. Ездзяць хутчэй таму што падтрымліваюць адна адную? Нейкая бздура.