Найстарэйшая ўкраінка памерла ў 109 гадоў. Яна перажыла Галадамор і ратавала байцоў УПА
На 110‑м годзе жыцця памерла найстарэйшая жыхарка Украіны Алена Рыбалка. Усё жыццё Алена Рыбалка прысвяціла медыцыне і была сувязной Украінскай паўстанцкай арміі (УПА), піша «Украінская праўда».

Алена Рыбалка нарадзілася 2 чэрвеня 1917 года. Жанчына родам з Вінніцкай вобласці — там яна атрымала медыцынскую адукацыю. Яе муж Ананій Няўзгода таксама працаваў медыкам. Пара выхавала дваіх дзяцей.
Алена Рыбалка на ўласныя вочы бачыла жорсткасць савецкага рэжыму і перажыла Галадамор 1932—1933 гадоў.
«У 1933 годзе ўраджай быў цалкам нармальны. Але паўсюль хадзілі з такімі металічнымі пікамі: шукалі, ці няма дзе схаванага збожжа. Усіх вывозілі на падводах у агульную яму на могілках. Іх усіх скідвалі туды і штодня засыпалі. Гэта працягвалася доўгі час, пакуль не засталася, можа, нейкая трэцяя частка, ды і тое не. Я ў той час якраз вучылася ў медвучылішчы, нам давалі па 200 г хлеба. І мы павінны былі стаяць у чарзе ўсю ноч. Стаялі — у кожнага на руцэ быў напісаны нумар», — дзялілася Алена ўспамінамі пра Галадамор.
Пасля Другой сусветнай вайны Алена паводле размеркавання пераехала ў Львоў і працавала бальніцы.
Жанчына таемна перадавала медыкаменты ў падполле і лячыла параненых паўстанцаў.
Акрамя таго, каб абараніць рэпрэсаваных украінцаў ад паўторнай высылкі, жанчына выпісвала ім фіктыўныя даведкі пра хваробы.
Сваякі Алены абсталявалі крыіўку (схованку) — там у пасляваенны час хаваўся яе брат Міхаіл Рыбалка, надраённы кіраўнік АУН.
Бацька Алены, Кірыла Рыбалка, быў воінам арміі Украінскай Народнай Рэспублікі і адным з заснавальнікаў Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. За гэта ў 1937 годзе яго расстралялі.
А маці — апошняя прадстаўніца роду графаў Патоцкіх — памерла падчас Другой сусветнай вайны.
Каментары