Пад Вільняй у нядзелю памежнікі выцягнулі з ракі Вілія плыт кантрабандыстаў, які кіраваўся з Беларусі. На ім знаходзілася партыя цыгарэт коштам больш за 13 тысяч еўра.

Памежнікі заўважылі ў Віліі ля берага прадмет у форме сняжынкі (шасцівугольнік), які плыў у бок Літвы, і выцягнулі яго на бераг, паведамляе Памежная служба Літвы.
Памежнікі выцягнулі гэтую «сняжынку» на бераг. Пасля таго як канцы металічнай канструкцыі зрэзалі, з яе ўнутраных поласцей дасталі 2400 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Тытунёвыя вырабы былі загорнутыя ў поліэтыленавую плёнку. Іх кошт з улікам усіх падаткаў, якія належыць выплаціць у Літве, складае 13248 еўра.

За такое злачынства заканадаўства Літвы прадугледжвае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Апошнім часам памежнікі вельмі рэдка сутыкаюцца з перавозкай беларускіх цыгарэт на такіх «плытах». У падобных выпадках партыі цыгарэт спускаюць у раку на беларускім беразе, фарміруючы «плыты» або выкарыстоўваючы розныя канструкцыі, да якіх прымацоўваюць GPS-абсталяванне, паведамляюць літоўскія памежнікі.
Каментары