Стала вядома, адкуль паступіў загад абмежаваць Starshield для Украіны
Загад паступіў з Белага дома.

Распараджэнне аб абмежаванні працы спадарожнікавай сістэмы Starshield кампаніі SpaceX, якую ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць для сувязі і кіравання беспілотнікамі, паступіла з Белага дома. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на двух амерыканскіх чыноўнікаў і прадстаўніка адной з заходніх краін, знаёмых з сітуацыяй.
Агенцтва высветліла, што кіраўніцтва Пентагона атрымала паведамленне аб неабходнасці запаволіць выкананне паслуг Starshield украінскім вайскоўцам.
Пры гэтым высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік заявіў агенцтву, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп асабіста такога распараджэння не аддаваў. Крыніцы Reuters не ўдакладнілі, хто менавіта аддаў загад.
Starshield — гэта вайсковая сістэма спадарожнікавай сувязі SpaceX, распрацаваная для дзяржаўных і абаронных заказчыкаў ЗША. Узброеныя сілы Украіны выкарыстоўваюць яе для кіравання больш хуткаснымі беспілотнікамі.
У адрозненне ад камерцыйнай сістэмы Starlink, Starshield прадугледжвае спецыялізаваныя сродкі абароненай сувязі і знаходзіцца пад кантролем урада ЗША, які вызначае ўмовы яе выкарыстання.
Каментары