Крыптабіржа Bitget унесла Беларусь у спіс забароненых юрысдыкцый і пачала спыняць абслугоўванне кліентаў, якія з’яўляюцца рэзідэнтамі краіны. Адпаведныя змены ўжо ўнеслі ў карыстальніцкае пагадненне платформы.

Беларускія кліенты атрымалі паведамленні з патрабаваннем спыніць гандлёвую актыўнасць. Біржа настойліва рэкамендуе закрыць усе адкрытыя пазіцыі да 21 кастрычніка. З 22 кастрычніка пазіцыі, якія застануцца адкрытымі, будуць аўтаматычна ліквідаваныя сістэмай.
Эксперты звязваюць узмацненне абмежаванняў з неабходнасцю выконваць заходнія санкцыі. Такім чынам, Bitget далучылася да шэрагу буйных крыптабіржаў, у тым ліку Binance, OKX і Bybit, якія раней таксама ўзмацнілі праверкі і абмежаванні для карыстальнікаў з падсанкцыйных юрысдыкцый.
Паводле меркавання экспертаў, сітуацыя не з’яўляецца крытычнай для беларускіх інвестараў: ім даюць час, каб вывесці сродкі і перайсці на іншыя крыптабіржы.
Акрамя Беларусі, у спісе забароненых для абслугоўвання юрысдыкцый Bitget з розных прычын знаходзяцца Аўстрыя, Германія, Францыя, ЗША, Канада, Японія, Казахстан, Расія і іншыя краіны.
У канцы 2025 года ў Беларусі ўжо абмяжоўвалі доступ да сайта Bitget. Тады Міністэрства інфармацыі прыняло такое рашэнне праз неналежную рэкламу на платформе.
Каментары