У Францыі ў сувязі з пагромамі ў некаторых раёнах увядуць каменданцкую гадзіну
Увядзенне надзвычайнага становішча таксама не выключаюць — «калі гэта будзе неабходна».

Прэм’ер-міністр Францыі Себасцьян Лекарню папрасіў прэфектаў увесці лакальную каменданцкую гадзіну ўжо ўвечары 19 кастрычніка. Абмежаванні павінны абараніць крамы і іншую маёмасць ад пагромаў і рабаванняў.
Пра рашэнне Лекарню паведаміў пасля пасяджэння міжведамаснай крызіснай групы. Паводле яго, абмежаванні будуць частковымі і закрануць канкрэтныя тэрыторыі. Пералік дэпартаментаў, дзе іх увядуць, урад абяцаў апублікаваць цягам дня.
Прэм’ер падкрэсліў, што каменданцкую гадзіну не плануюць уводзіць на ўсёй тэрыторыі буйных гарадоў.
«Гаворка не ідзе пра тое, каб увесці каменданцкую гадзіну ва ўсім Парыжы. Гэта не мае сэнсу», — сказаў Лекарню.
Неабходнасць абмежаванняў ён патлумачыў рабаваннямі крамаў, якія суправаджалі беспарадкі.
«Мы маем справу з вельмі канкрэтнай злачыннасцю — марадзёрствам. Нельга дапусціць, каб гэта зацягнулася», — заявіў кіраўнік урада.
Пры гэтым Лекарню адзначыў, што ўлады павінны аднавіць парадак і захаваць права на мірныя дэманстрацыі.
Увядзенне надзвычайнага становішча ён таксама не выключыў, «калі гэта будзе неабходна». Аднак цяпер лакальную каменданцкую гадзіну ўрад лічыць больш адпаведнай сітуацыі мерай.
Масавыя выступленні 17 кастрычніка аб’ядналі ўдзельнікаў вучнёўскага руху і незадаволеных ростам коштаў ды пагаршэннем дзяржаўных паслуг. У шэрагу гарадоў яны суправаджаліся сутыкненнямі з паліцыяй, падпаламі і рабаваннямі. У Ліможы агонь знішчыў значную частку гістарычнай ратушы.
Паводле ўрада, за выходныя па ўсёй Францыі ад пашкоджанняў або рабаванняў пацярпелі прынамсі тры тысячы крам.
«Гнеў і сорам». Макрон звярнуўся да нацыі пасля пагромаў
«Заходнія лібералы завезлі трэці свет у Францыю». Вэнс абвінаваціў мігрантаў у беспарадках
«Гэта не глупства, гэта нянавісць». У Францыі пратэстоўцы падпалілі ратушу XIX стагоддзя ВІДЭА
У Францыі пратэсты суправаджаюцца пагромамі і падпаламі. Затрымалі 1200 чалавек
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары