Андрэй Расінскі. Кадры

Новыя стужкі «Беларусьфільму»

Дэбютная карціна беларускае рэжысэркі адмаўляе састарэлыя вайсковыя штампы – і прапануе экзыстэнцыйна-лірычны падыход да звыклае тэмы.

7 чэрвеня на «Беларусьфільме» адбылася прэзэнтацыя новых стужак. Прэсе былі паказаныя дакумэнтальны фільм «Вяртаньне Атары» сталага рэжысэра Ўладзімера Цесьлюка і дэбютная ігравая карціна Марыі Мажар «Ворагі».

Вяртаньне Атары (Возвращение Отари)

Беларусь, 2007, каляровы, 20 хв.

Рэжысэр-апэратар: Уладзімер Цесьлюк

Жанр: Дакумэнтальны партрэт

Адзнака: 4 (з 10)

Пяць гадоў таму Атары, былы чэмпіён СССР па вольнай барацьбе, прадаў кватэры ў Тбілісі й пераехаў у Беларусь, на радзіму жонкі. Цяпер ён жыве ў Барысаве – і трэніруе дзяўчатак, каб тыя сталіся чэмпіёнкамі…

Хаця доўгія сынхроны, характэрныя для тэлевізіі, занудліва архаічныя – сам герой выразны. А сцэна спартовага спаборніцтва – з эмоцыямі, тлумам, крыкам і потам – зьнятая надзіва хораша. Гэта сапраўдная харэаграфія бою, адлюстраванага праз рэакцыю самога Атары. У асобных кавалках – стужка моцная, але для 20-хвіліннай карціне іх замала.

Ворагі (Враги)

Расея – Беларусь, 2007, каляровы, 78 хв.

Рэжысэрка: Марыя Мажар

Ролі выконваюць: Юлія Ауг, Аксэль Шрык, Алена Яцко, Генадзь Гарбук, Алеся Пухавая, Зінаіда Зубкова, Віктар Васільеў.

Жанр: Псыхалягічная вайсковая драма

Адзнака: 4,5 (з 10)

1942 год. У беларускай вёсцы кватаруюць нямецкія жаўнеры. Баі ідуць дзесьці далёка і пакуль не чапляюць вёсачку, толькі зрэдку па шашы едуць танкі. Ціхі побыт: жанчыны маюць бялізну й гатуюць ежу, а жаўнеры чытаюць забароненага Гайнэ. Крохкае й насьцярожлівае жыцьцё, калі ідэалёгія губляе сваю сілу – і застаюцца проста звычайныя людзі, якія існуюць разам. Але ў вайны свая лёгіка – і неўзабаве кожны зробіць свой выбар: застацца чалавекам, ці пайсьці ў служкі Молаху…

Беларуска Марыя Мажар, якая вучылася ў нашым Інстытуце культуры, склала сцэнар, шчэ калі паступала ва ВГИК. Сцэнар, які напачатку называўся «Аддзяліць агонь ад полымя», выклікаў зацікаўленасьць у Расеі і атрымаў «Срэбнага Віцязя».

Курсавая стужка Мажар «…За імя маё» ўзнагароджаная ВГИКам, а дыплёмная карціна «Сабака» заслужыла прыз глядацкіх сымпатый.

Марыя Мажар заплянавала трылёгію пра вайну.

У Беларусі да прапаноў Мажар паставіліся зь вялікаю насьцярогай, але, калі фінансаваць дэбютную стужку ўзяўся расейскі рэжысэр Аляксей Учыцель, пагадзіліся на сумесную працу.

На прэс-канфэрэнцыі Генадзь Гарбук і Зінаіда Зубкова (у фільме – сялянка) вельмі эмацыйна гаварылі пра стужку – і дзяліліся сваімі вайсковымі ўспамінамі. «Гэта ўсё праўда!»

Фільм беларускі Марыі Мажар розьніцца ад сучаснай беларусьфільмаўскай прадукцыі.

Карціна адмаўляецца ад састарэлых вайсковых штампаў – і прапануе экзыстэнцыйна-лірычны падыход да звыклае тэмы. Усе героі стужкі – не ідэалягічныя схемы, а людзі.

Закадравы расповед вядзецца ад імя дзіцяці, якога мы так і не ўбачым... бо яно загінула.

Адчуваецца й уплыў Камю: афіцэр прапануе жанчыне замяніць свайго сына, якога мусяць павесіць, на любое іншае дзіця.

“Агульначалавечы” падыход кардынальна супярэчыць фальшываму “сталінскаму” патасу (“Вам заданьне”, “Глыбокая плынь”). Няма нічога агульнага і з эротыка-шынэльнаю бесканфліктнасьцю мэлядрамы “Яшчэ пра вайну”. Мастацкія сродкі па-рэжысэрку стрыманыя – і не вытыркаюцца непатрэбным экспэрымэнтаваньнем (“Страх”).

Першая вялікая роля беларускай актрыс Алесі Пухавой (зьнялася ў эпізодзе “Колеру каханьня”) – выйшла пераканаўчай і валявой. Генадзь Гарбук, які пасьля “Знаку бяды”, стаўся ўсебеларускім Петраком, у гэнай карціне герой з хітрынкай: прадае немцам аплёванае сала й цішком падпілоўвае масткі. Але Генадзь Гарбук, Зінаіда Зубкова і Алеся Пухавая – другаплянавыя пэрсанажы карціны.

Найболей стужка Мажар нагадвае расейскі фільм “Франц і Паліна”, а мова беларускіх герояў пераважна расейская (патрабаваньне пракатчыкаў).

Беларуская вайсковая тэма становіцца адной з ключавых тэмаў расейскага кіно.

Але, у адрозьненьні ад “Франца і Паліны”, стужка Мажар пазбаўлена глямурнай цукернасьці: гэта жыцьцё, гэта побыт – гэта… нізкі бюджэт.

І хаця сцэнар стужкі не дасканалы, у фільме не праяўлены “хічкокаўскія” падтэксты, а сама экзыстэнцыйная прапанова па замене дзіцяці зусім не выглядае пераканаўчай – карціне нельга адмовіць у адным. Гэта чалавечы позірк Асобы.

Гэта мудрасьць сэрца – да якой дарастае далёка ня кожны рэжысэр. Гэта спачуваньне й неварожасьць да чалавека.

Бракуе досьведу, бракуе глыбінных слаёў, створаных выключна рэжысэрскаю плястыкай, бракуе трапных жэстаў; бракуе… дый, хто сказаў, што не бракуе грошай?

Але з пэўнасьцю можна сказаць: Беларусі пашанцавала яшчэ з адным рэжысэрам.

Калі, канешне, Марыя Мажар будзе здымаць у Беларусі.

Калі знойдуцца грошы і мясцовае асяродзьдзе будзе да яе прыхільным.

Шырокі пракат карціны распачнецца ў верасьні, а на 3 ліпеня заплянаваная прэм’ера.

Фатаграфіі прадстаўлены рэклямным аддзелам "Беларусьфільму".

Усе фільмы

Каментары

Цяпер чытаюць

«Напісалі, як я хачу вярнуцца ў святую Расію». Прапаганда перакруціла жарт беларускі і прыдумала фэйк пра загніваючую Амерыку1

«Напісалі, як я хачу вярнуцца ў святую Расію». Прапаганда перакруціла жарт беларускі і прыдумала фэйк пра загніваючую Амерыку

Усе навіны →
Усе навіны

Марадона падчас свайго візіту ў Беларусь не захацеў сустракацца з Румасам1

Лукашэнка пракаментаваў збіццё сабакі ў Гродне і расказаў пра сваё трапяткое стаўленне да жывёл10

Дроны УСУ ўдарылі па двух расійскіх аб’ектах ВПК

Уладальніца беларускага брэнду жаночага адзення Moshe здзівілася шалёным цэнам канкурэнтаў11

Ізраіль наносіць новы ўдар па Іране3

«Прапанаваў грошы». Беларуска распавяла, як КДБ спрабаваў яе вербаваць1

Іранскія ракеты забілі 5 чалавек у Ізраілі, больш за 80 параненыя. Цэлі былі выпадковыя2

«У наш час у Хрыста была б жоўтая бірка». Былы палітвязень Аляксандр Тарасенка распавёў пра свой досвед за кратамі2

«Уратавалі заторы». Студэнтка спазнілася на фатальны рэйс Air India усяго на 10 хвілін, і яе не пусцілі на борт3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Напісалі, як я хачу вярнуцца ў святую Расію». Прапаганда перакруціла жарт беларускі і прыдумала фэйк пра загніваючую Амерыку1

«Напісалі, як я хачу вярнуцца ў святую Расію». Прапаганда перакруціла жарт беларускі і прыдумала фэйк пра загніваючую Амерыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць