«Груз 200»
Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? Схадзіце на новы фільм Аляксея Балабанава. З блогу Андрэя Расінскага.
Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? Схадзіце на новы фільм Аляксея Балабанава. З блогу Андрэя Расінскага.
1984 год. Выкладчык навуковага атэізму (Леанід Громаў) па дарозе ў Ленінск трапляе на “самагонны” хутарок, дзе ўсчынае спрэчку з гаспадаром (Аляксей Серабракоў). Пасьля на хутарок завітаюць дачка сакратару райкаму (Агнія Кузьняцова) з захмялелым сябрам-фарцоўнікам. А зусім побач – маньяк-міліцыянт, які згвалтуе легкадумную гераіню гарэлачнаю бутэлькай…
У карціне Аляксея Балабанава залімітныя жахі і залімітны гумар. Але карціна Аляксея Балабанава – ня трэш.
Самалёт штотыдзень прывозіць целы забітых – “груз 200”, а ў чэрава машыны подбегам загружаецца чарговае гарматнае мяса.
Настальгуеце па СССР? Занудзіліся па камунізьме? – Атрымайце напаўдохлага Чарненку ў тэлевізары і маньяка ў пагонах за вашым акном. Толькі не забывайце – што “мухі ў нас”.
Але фільм Балабанава – не чарнуха.
“Груз 200” – бадай, найлепшая стужка Аляксея Балабанава.
Рэжысэр наводмаш б’е па сацыяльнай памяці, нахабна выкарыстоўваючы мэлёдыі 80-ых (парадаксальны саўндтрэк – аўтарская прэрагатыва Балабанава). Навязьлівая песьня пра магноліі, саладжавая “Волагда” “Песьняроў” – якіх пасьля звыродна-гратэскнай сцэны слухаць ужо немагчыма, нішчымна-лірычная “Трава” “Зямлянаў” – падкрэсьліваюць духоўны распад. А праезд капітана Журава пад музыку Юрыя Лазы заткне за пояс знакамітага “Брата” і скандальную “Маленькую Веру”.
Напрыканцы фільму, як і ў “Асьсе” гучыць гурт “Кіно”, але гэта не прыносіць палёгкі.
Карціна ня мае сантымэнтаў да маладога пакаленьня.
Карціна магла бы разгортвацца ў пуцінскай Расеі (пра Беларусь я й не заікаюся) – і многія ўспрынялі стужку, як мэтафару. 1984 год – год Оруэлаўскага кашмару. Але пасьля 1984 заўжды наступае 1985 – і 1991, і будучыня былых савецкіх аскепкаў застаецца непрадказальнай. Балабанаў слынны сваімі кінапрароцтвамі – але й ня гэтае самае каштоўнае ў фільме.
Рэжысэр просталінейна задае плянку: сама высокі судзьдзя – Бог.
Напрыканцы стужкі зьляканы атэіст (тыповы савецкі інтэлігент!) прыбягае ў царкву пахрысьціцца. Так, на ўсялякі выпадак…
Канвульсіі нянавісьці, смачнае відовішча граха – якое забыць немагчыма, асьцярожны, з-пад ілба, позірк на неба, глядацкі шок…
Толькі ці трэба Богу такое сьведчаньне?