Егіпет: Лібералы і сілавікі патрабуюць адстаўкі «Братоў-мусульман»
Парадокс сітуацыі ў тым, што свецкія эліты хочуць паваліць першы дэмакратычна абраны ўрад у гісторыі краіны.
Грамадзянскі рух моладзі «Тамаруд» («Паўстанне»), адзін з арганізатараў масавых акцый пратэсту ў Егіпце, выставіў ультыматум прэзідэнту краіны Мухамеду Мурсі: да вечара аўторка ён павінен добраахвотна падаць у адстаўку.
''Мы даём час Мухамеду Мурсі не пазней за 17.00 вечара аўторка, 2 ліпеня, каб пакінуць сваю пасаду, дазволіўшы дзяржаўным установам пачаць падрыхтоўку да датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў'', — гаворыцца ў заяве руху на яго афіцыйным сайце.
У адваротным выпадку апазіцыянеры абяцаюць пачаць кампанію грамадзянскага непадпарадкавання.
Рух «Тамаруд» з’яўляецца арганізатарам акцый пратэсту ў розных гарадах Егіпта, на якія ў гэтую нядзелю сабраліся сотні тысяч чалавек. Прадстаўнікі «Тамаруда» заклікалі войска, паліцыю і суды узяць бок пратэстоўцаў.
У ходзе сутыкненняў паміж прыхільнікамі Мухамеда Мурсі і яго супернікамі ў Егіпце за мінулую ноч загінулі прынамсі сем чалавек, 600 паранены. Дэманстранты сплюндравалі офісы руху
Вайскоўцы раскідалі над дэманстрантамі на плошчы Тахрыр з верталётаў нацыянальныя сцягі краіны. Апазіцыя ўспрыняла гэта як знак маўклівай падтрымкі іх патрабаванняў. У краіне нарастае незадавальненне эканамічнымі праблемамі. Ліберальныя колы патрабуюць правядзення датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. На папярэдніх упэўнена перамагло палітычное крыла ісламісцкага руху.
Апазіцыя ў Егіпце расколатая на ліберальнае і левае крылы. Асобна існуюць сілы, блізкія да былога рэжыму Мубарака. Ёсць і салафісцкая партыя, якая выступае за ператварэнне Егіпта ў ісламскую дзяржаву.