19 верасня ў Беларусі адкрываюцца вучэнні АДКБ, а 20 верасня — «Захад-2013»
Расійскія дэсантнікі высадзіліся ў Мачулішчах пад Мінскам.
Расійскія вайскоўцы прыбылі на лётнішча Мачулішчы пад Мінскам.
20–25 верасня ў Беларусі пройдуць планавыя сумесныя вучэнні з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання (КСАР) Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) «Узаемадзеянне-2013». Будзе адпрацоўвацца прымяненне воінскіх кантынгентаў КСАР ва Усходнееўрапейскім рэгіёне.
Адкрыццё вучэнняў адбудзецца 19 верасня. У гэты ж дзень пройдуць аператыўны збор камандавання КСАР і камандна-штабная трэніроўка.
Як паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі, агульная колькасць удзельнікаў вучэнняў з Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана складае больш за 600 чалавек, у тым ліку падраздзяленні 31-й дэсантна-штурмавой брыгады ПДВ Расіі з Ульянаўска, 37-й дэсантна-штурмавой брыгады спецыяльнага прызначэння аэрамабільных войскаў Казахстана (Талдыкарган) і 103-й мабільнай брыгады са складу Сіл спецыяльных аперацый Беларусі (Віцебск).
Мэтай вучэнняў з’яўляецца ўдасканаленне падрыхтоўкі органаў кіравання і войскаў. Плануецца даследаваць магчымыя шляхі далейшага развіцця кампанентаў войскаў (калектыўных сіл) АДКБ, парадку іх аптымальнага функцыянавання.
Асаблівасцямі вучэнняў стануць адначасовае сумеснае ўжыванне двух складнікаў сістэмы калектыўнай бяспекі АДКБ — рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі і Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, у тым ліку прымяненне авіяцыі калектыўных сіл у спецыяльнай і сумеснай аперацыі. У сувязі з гэтым «Узаемадзеянне- 2013» адбудзецца на фоне адпрацоўкі задач сумесных стратэгічных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад- 2013» , якія пачнуцца заўтра і пройдуць з 20 па 26 верасня на палігоне пад Гроднам.
У аснову задумы вучэнняў пакладзены адзін з варыянтаў развіцця ваенна-палітычнай абстаноўкі ў выпадку пранікнення на тэрыторыю ўмоўнага дзяржавы АДКБ «экстрэмісцкіх груп, якія ставяць сваёй мэтай правядзенне тэрарыстычных актаў і дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне».
Вучэнні пройдуць у тры этапы. Упершыню на вучэннях КСАР АДКБ будзе адпрацоўвацца дэсантаванне парашутным спосабам самаходных артылерыйскіх установак. Вайскоўцы з краін АДКБ прыбылі ў палявы лагер і на палігон ля Бабруйска і Асіповічаў.
Тым часам вучэнні «Захад-2013» выклікалі занепакоенасць еўрапейскіх краін, бо на іх, як і на папярэдніх аналагічных вучэннях, адпрацоўваюцца сцэнары ваенных дзеянняў на мяжы Польшчы й Літвы.
Аляксандр Лукашэнка прызнаваў, што беларуская і расійская арміі ўяўляюць сабой практычна адзінае цэлае. Беларуская апазіцыя крытыкуе ўлады за несамастойную палітыку ў галіне нацыянальнай бяспекі. Хоць асноўныя пагрозы нацыянальнай незалежнасці і самастойнасці сыходзяць ад Расіі, сілавыя структуры краіны застаюцца ў полі ўплыву той самай Расіі, у тым ліку і праз такія вось вучэнні.
{POLL#126}