БЕЛ Ł РУС

Батура не выйшаў на працу ў «Барысаўдрэве», хоць яму пагражалі крыміналкай

12.11.2013 / 00:44

Дырэктарам «Барысаўдрэва» застаецца малады Уладзімір Мальцаў.

Генеральным дырэктарам ААТ «Барысаўдрэў» па-ранейшаму застаецца Уладзімір Мальцаў.

«Здаецца, генеральным дырэктарам ААТ «Барысаўдрэў» застаўся Мальцаў», — паведамілі ў канцэрне «Беллеспаперапрам».

Крыніца ва ўрадзе пацвердзіла, што рашэння аб звальненні Уладзіміра Мальцава не было.

Былы старшыня Мінаблвыканкама 66-гадовы Барыс Батура, якому Аляксандр Лукашэнка загадаў заняць пасаду гендырэктара ААТ «Барысаўдрэў», на працу на гэтай пасадзе не выходзіў і пакуль наогул не плануе шукаць новую працу. Трэба адзначыць, што згодна з законам Беларусі аб дзяржслужачых, гранічны ўзрост іх знаходжання на дзяржслужбе складае 65 гадоў. Аднак гэта не тычыцца дзяржслужачых, уключаных у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы. З іх згоды яны могуць заставацца на дзяржаўнай службе ў парадку, устаноўленым прэзідэнтам.

Звольніць Батуру з пасады старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта кіраўнік дзяржавы распарадзіўся 8 лістапада, падчас наведвання ААТ «Барысаўдрэў».

Тады Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў урад і сваю адміністрацыю ў сувязі з сітуацыяй у дрэваапрацоўчай прамысловасці, а таксама распарадзіўся зрабіць шэраг кадравых перастановак.

«Батуру адхіліць ад пасады і накіраваць сюды кіраўніком. Калі праз тры дні не выйдзе на працу, распачаць па ім крымінальную справу», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

У той жа дзень быў падпісаны ўказ прэзідэнта № 502 «Аб адказнасці за парушэнне выканальніцкай дысцыпліны». Згодна з дакументам, «за неналежнае выкананне даручэнняў прэзідэнта Беларусі па мадэрнізацыі вытворчасці ААТ «Барысаўдрэў» Барыс Батура вызвалены ад пасады старшыні Мінскага аблвыканкама». 

Ва ўказе нічога не сказана пра звальненне генеральнага дырэктара ААТ «Барысаўдрэў» і прызначэнні новага.

Сам Батура ў інтэрв'ю радыё «Свабода» ў аўторак сказаў: «Я пенсіянер і буду цяпер адпачываць».

На пытанне карэспандэнта: «Але ж Вам сказалі прыйсці на «Барысаўдрэў» і працаваць дырэктарам» — Батура адказаў:

— «Ну няма такога. Ва ўсякім разе ва ўказе».

Карэспандэнт: «Але ж Лукашэнка сказаў Вам прыйсці і праз тры дні працаваць на «Барысаўдрэве»…

Батура: «Я пакуль адпачываю».

Карэспандэнт: «А што там Вам пагражалі, што распачнуць крымінальную справу, пад суд аддадуць, што ёсць нейкія падставы?».

Батура: «Ну аддадуць, дык аддадуць. Мы людзі паднявольныя, не надта добра сябе адчуваем».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула