Добры анёл Мікалая Аўтуховіча
Гарадзенец Вадзім Цярлецкі і Мікалай Аўтуховіч упершыню ўбачыліся, калі палітвязень выйшаў на волю, хоць знаёмыя былі ўжо больш за год.
Пазнаёміліся яны завочна. Вадзіма ўразіў лёс палітвязня, завязалася перапіска. Спрыяў Аўтуховічу наколькі мог, працягнуў руку дапамогі з волі. Аўтуховіч прызнаўся сёння, што «такіх людзей, як Вадзім, мала» і што ён «залаты чалавек». Вадзім кажа пра Мікалая: «моцны чалавек».
Вадзім Цярлецкі
Свайго здымка не даслаў
Вадзім Цярлецкі — прадпрымальнік, яму 36, добра размаўляе па-беларуску. Расказвае, што напярэдадні вызвалення Мікалая Аўтуховіча «хваляваўся, можа, два тыдні, рыхтаваўся. Апошнія два дні не спаў і есці не хацелася.
А тут ужо — заўтра Мікалая Мікалаевіча (ён толькі так называе яго з павагай у размове) выпускаюць. Як мы сустрэнемся? Я бачыў ягоныя здымкі, ён мяне ніколі не бачыў». Аўтуховіч прасіў яго даслаць свой здымак, але ён так і не сабраўся.
Затое падрыхтаваў сустрэчу Мікалая з тымі, хто прыедзе яго павітаць з Мінска, у сябе на кватэры.
Некаторых з прыезджых размясціў у сябе, накарміў, кагосьці паклаў спаць. Сам каля турмы быў каля шостай раніцы. Як ён сказаў: «Згатаваў каву, бутэрброды, бо там некаторыя чакалі сапраўды ад нуля гадзін. І пайшоў туды, я маю на ўвазе — «да муроў». Быў там без пятнаццаці шэсць. Вядома, вельмі хваляваўся».
Адвакатцы, працягвае ён, намеснік начальніка турмы сказаў, што раней за восьмую раніцы не выпусцяць, але прыхільнікі Аўтуховіча вырашылі, што лепей чакаць загадзя. Узнікла яшчэ думка, што раптам зробяць «добры жэст» і завязуць Аўтуховіча дахаты — у Ваўкавыск? Але ўрэшце ўсё прайшло нармальна.
Знаёмства
У турме на вуліцы Кірава ёсць брама. «Яна адчынілася, выехала невялікая машына і спынілася. Потым брама зачынілася. Машына ад’язджае, і стаіць Мікалай Мікалаевіч з рэчамі. Ахова яму дапамагла вынесці рэчы — і ўсё: ідзі. І зачынілі браму», — кажа Цярлецкі.
Дык як вы ўсё ж сустрэліся і пазнаёміліся з Мікалаем Аўтуховічам? — цікаўлюся ў Вадзіма.
«Як сустрэліся і пазнаёміліся? — перапытвае Цярлецкі. — Ён выйшаў, я яго ўбачыў. Але мне трэба было патэлефанаваць многім людзям, якія чакалі, калі яго выпусцяць, і я не змог да яго падысці. Яго ўжо абступілі журналісты. А я рабіў званкі. А потым Вольга Мікалайчык кажа: Вадзім, хадзі сюды. І Мікалай Мікалаевіч павярнуўся да мяне тварам, паглядзеў так вочы ў вочы, абняў мяне. Казаў вельмі цёплыя словы. Я ў такім стане быў, што й не запомніў іх. Ну, і мы, можна сказаць, пасябравалі. Потым мы цэлы дзень былі з ім».
Сам Мікалай прызнаецца: «Калі сустракаліся з ім, я нават ягонага твару не знаў. Шмат было народу, я ціснуў руку: вы хто? Дзякуй. А былі амаль усе тыя, хто са мной ліставаўся. А потым пытаюся ў адваката: а дзе Вадзім? А вось Вадзім, стаіць убаку».
Мікалаю прывезлі сцяг са сталіцы, які яму потым падаравалі. Гэта беларускі сцяг з Майдану, кажа Цярлецкі.
«Сэрца як у касманаўта»
Вадзім загадзя падрыхтаваўся, каб Аўтуховіч мог прайсці абследаванне ў дактароў адразу пасля турмы. Зрабілі ўсё, што планавалі, акрамя флюараграфіі, кажа Вадзім. Гэта няцяжка будзе зрабіць дома ў Ваўкавыску. Галоўнае, што «кардыёлаг сказаў, што сэрца як у касманаўта», — прызнаецца ён. Пры канцы зняволення Аўтуховіч наракаў на болі ў руках. Яму параілі зрабіць рэнтген, выпісалі абязбольвальную мазь, прызначылі курс лекаў. У дантыста знялі злепкі, каб аднавіць страчаныя зубы. Дарэчы, Вадзім мне расказваў раней, што яму ўдалося, хоць з вялікімі цяжкасцямі, арганізаваць агляд Мікалая Аўтуховіча ў турме дантыстам і пратэзістам, якраз каб вызначыць, як яму дапамагчы з зубамі пасля вызвалення.
Гадзіннік з крокамерам
Як Вадзім Цярлецкі зацікавіўся лёсам Мікалая Аўтуховіча і вырашыў яму дапамагаць?
Паўтара года таму ён прачытаў у інтэрнэце пра маці Мікалая Лідзію Ульянаўну, яе цяжкую сітуацыю. Тады падумалася: калі ў нашай вобласці жыве такі чалавек, як Аўтуховіч, а маці яго забытая, то добра паехаць у Ваўкавыск і павіншаваць яе з Калядамі і Новым годам. Так Вадзім і зрабіў. Знайшлі з ёю агульную мову, успамінае ён. Яна папрасіла, каб ён напісаў яе сыну ліст. Вадзім прызнаецца, што доўга не мог сабрацца, нарэшце напісаў. Не адразу, але Аўтуховіч даверыўся яму, і паміж імі наладзілася перапіска. Тады ад вязня паступіла просьба наконт зубоў, потым дапамагаў з іншымі справамі. Напрыклад, Аўтуховічу спатрэбіўся гадзіннік — «такі сур’ёзны, што ў Гродне такіх не было, і давялося замаўляць у Мінску. Там крокамер, барометр, ціск правяраць. Бо ён хацеў тады правяраць сэрца. На той момант у яго былі клопаты, і ён хацеў ведаць, колькі праходзіць кіламетраў за дзень».
Сам Аўтуховіч сёння ўспамінае, як аднойчы маці напісала яму, што прыязджаў з Гродна хлопец, прывёз прадуктаў, перадаваў прывітанне. Пазней атрымаў ад Вадзіма ліст: «Піша сціпла, не рысуецца, не «пантуецца», не выпячваецца». І пастаянна тэлефануе маці, прыязджае ў Ваўкавыск, праяўляе клопат.
Так выйшла, што Вадзім стаў добраахвотным каардынатарам дапамогі яму ў турме, успамінае Мікалай.
То таблеткі набыць, то нешта перадаць адвакату — Вадзім заўсёды быў «на падхваце». Калі прыязджалі адвакаты з Мінска, ён іх сустракаў, чакаў, калі вызваляцца. Калі родныя ехалі ў Гродна перадаць у турму пасылку, ён абавязкова штосьці дакупіць, кажа Аўтуховіч:
«Я думаў, ён нейкі моцны камерсант, а дома ў яго бачыш: просты, сціплы трудзяга, жыве вельмі сціпла. І, хутчэй за ўсё, на свае грошы і дапамагаў. Я не ўяўляю, проста залаты чалавек. Столькі ў яго міласэрнасці, не ведаю што, чаму яму так спадабалася…»
У лістападзе мінулага года Мікалай папрасіў Вадзіма прасачыць, каб у перадачу яму паклалі ўсе патрэбныя прадукты, і даслаў спіс. «Па медыцынскіх паказаннях» Аўтуховічу дазволілі ў снежні яшчэ адну перадачу на трыццаць кілаграмаў, кажа Вадзім. Давялося дапамагчы і з гэтым.
Вадзім Цярлецкі стаў нечаканасцю для многіх. Ні грамадскія, ні партыйныя актывісты столькі не дапамаглі палітвязню, як ён. А калі Цярлецкі звярнуўся да іх сам, яго сустрэлі з прахалодным недаверам.
Добры анёл — заўсёды постаць адзінкавая, самотная.