БЕЛ Ł РУС

Беларусы Санкт-Пецярбурга стварылі сваю версію «Мовы нанова»

10.04.2014 / 12:11

Глеб Кандрацьеў

Курсы па вывучэнні мовы спярша былі арганізаваныя як мінскія.

Пасля яны прайшлі ў Бабруйску, Гродна, Баранавічах, Нясвіжы, а таксама ў польскім Кракаве.

Ініцыятыва ў арганізацыі такіх курсаў у паўночнай сталіцы Расіі належала Клубу беларусаў Санкт-Пецярбурга. Іх анансавалі менавіта як «Мовы нанова».

Першая сустрэча прайшла ў скляпенні касцёла Успення Найсвяцейшай Дзевы Марыі.

Але пасля дыскусіі прысутныя вырашылі не ўжываць брэнд «Мова нанова». Арганізатары тлумачаць, што не хочуць уводзіць у зман людзей. Маўляў, у Санкт-Пецярбургу будуць праходзіць не моўныя курсы, а культурна-асветніцкія сустрэчы.

Мова будзе ўсяго толькі адным з іх блокаў. Таксама будуць прадстаўлены і літаратура, і гісторыя, і кіно. Будзе прэзентавацца нейкае кніжнае выданне, адбывацца віктарына па рэдкіХ словаХ.

Першая сустрэча была прысвечана абмеркаванню песні, якая вартая стаць Гімнам сучаснай Беларусі. Паслухаўшы дзевяць варыянтаў, большасць санкт-пецярбургскіх беларусаў (каля 60% галасоў) схілілася да «Пагоні» Максіма Багдановіча.

Другую і трэцюю пазіцыі занялі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і «Магутны Божа».

Згодна з задумай арганізатараў, наступная сустрэча, запланаваная на 12 красавіка, будзе прысвечана наватворам у маўленні. Плануюцца дыскусіі пра ўплыў іншых моваў на беларускую, пра запазычанні і мадэрновыя словы, пра кірыліцу і лацінку, а таксама пра ненарматыўную лексіку беларускай мовы. Наступныя сустрэчы будуць прысвечаныя спеўнай, танцавальнай і тэатральнай традыцыі беларусаў.

12 красавіка арганізатары збіраюцца абмеркаваць назву для праекта. 

Але беларусы Санкт-Пецярбурга падкрэсліваюць, што будуць карыстацца распрацоўкамі «Мовы нанова». Таму як бы называліся сустрэчы, яны шмат у чым нагадваюць мінскі праект.

Сустрэчы адбываюцца ў Санкт-Пецярбургу, вуліца 1-я Чырвонаармейская д.11.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула