Расійскія нацыяналістычныя рэсурсы тлумачаць перамір'е пагрозай натаўскіх бамбаванняў
Згода Уладзіміра Пуціна на Мінскія дамоўленасці паставіла расійскую прапаганду перад цяжкай задачай. Доўгі час маскоўскія сайты трубілі пра хуткую перамогу «апалчэнцаў» над «кіеўскай хунтай». «ДНР» і «ЛНР» маюць больш вайсковай тэхнікі, чым большасць еўрапейскіх дзяржаў. Але мінуў год, а перамога ўсё яшчэ не наступіла.
Таму ў інтэрнэт была запушчана качка пра нібыта заяву натаўскага генерала пра гатоўнасць нанесці авіяўдары па «Наваросіі».
«На днях стала вядома, што калі мір на Данбасе не наступіць, то авіяцыя НАТА ў найбліжэйшыя два-тры тыдні нанясе масавыя авіяцыйныя ўдары па парушальніках мірнага плана. Пра магчымасць такога ўдару ўчора ў Мюнхене заявіў камандуючы сіламі НАТА ў Еўропе Філіп Брыдлаў», — пішуць расійскія імперскія сайты.
На праўдзе ніякіх падобных заяваў Брыдлаў не рабіў. Але вось што пішуць расійскія парталы.
«Афіцыйна авіяцыя НАТА, як і ў былой Югаславіі, будзе атакаваць пазіцыі войскаў, якія не спыняюць баявых дзеянняў, а рэальна больш за 95% «кропкавых» удараў прыпадуць на сілы апалчэння і толькі каля 5% па падраздзяленнях Украіны, якія не выконваюць загадаў цэнтральнага камандавання («Правы сектар» і некаторыя добраахвотніцкія батальёны). Задача сіл НАТА — стварыць вырашальны перавага на палях бітвы, ачысціць Данбас ад «тэрарыстаў» і ўзмацніць цэнтральную прэзідэнцкую ўладу Парашэнкі».
А што ж Расія? Пуцін аказаўся перад складаным выбарам, піша прапаганда
«Што можа ў гэтым выпадку зрабіць Расея? У прынцыпе, практычна нічога. Па шматлікіх заявах Уладзіміра Пуціна і іншых афіцыйных асоб Расія не з'яўляецца бокам канфлікту і таму авіяўдар НАТА па пазіцыях апалчэнцаў нельга будзе разглядаць як ваенныя дзеянні супраць Расіі. Не вайну ж аб'яўляць, — працягвае аўтар. — Зараз ва Уладзіміра Пуціна досыць складаная дылема: або аддаць Данбас на разарванне ўзброеным сілам Украіны і НАТА або апярэдзіць амерыканцаў і ўвесці войскі (прызнаць ДНР і ЛНР), але тым самым выклікаць новую магутную хвалю санкцый і далейшы шквал крытыкі Расіі. І тое, і іншае вельмі дрэнна. У бліжэйшы час мы ўбачым, ці зможа Прэзідэнт Расіі знайсці годны выхад з пастаўленай яму пасткі».
Канечне, падпісанне перамір'я ў такіх умовах здаецца не вынікам слабасці расійскай эканомікі, а мудрым дасягненнем кіраўніка Расіі.