БЕЛ Ł РУС

Дызельнае паліва «зварылі» з вады і вуглякіслага газу

27.04.2015 / 16:4

Аляксандр Арсёнаў

На сінтэтычным паліве завялася і праехала звычайная Audi A8.

Даследчая лабараторыя Audi ў Дрэздэне і стартап Sunfire прадставілі першую партыю дызельнага паліва E-Diesel, зробленага з вады і вуглякіслага газу.

Экалагічна чыстае амаль на 100% паліва можна ўжываць у серыйных аўто. Чакаецца, што рынкавая цана такога паліва складзе 1-1,5 еўра за літр.

На прэзентацыі «е-дызелем» заправілі серыйную Audi A8, службовую машыну федэральнага міністра адукацыі Ёхана Ванка.

Выраб паліва пачынаецца са здабычы электраэнергіі з аднаўляльных крыніц (напрыклад, сонечных батарэй). Праз электроліз з дапамогай «чыстай» электрычнасці з вады здабываецца вадарод, які затым змяшаюць з угарным газам, утвораным з вуглякіслага праз адмысловыя хімічныя працэсы. У выніку змешвання атрымліваецца так званая «блакітная нафта» — вадкасць з доўгаланцужных вуглявадародаў, што ёсць асновай «е-дызеля».

У бліжэйшыя месяцы эксперыментальны завод у Дрэздэне будзе выпускаць толькі 160 літраў такога паліва на дзень.

Стваральнікі «е-дызеля» гатовыя да камерцыйнай вытворчасці паліва і чакаюць замоў на выпуск вялікіх партый.

Як кажуць стваральнікі паліва, «е-дызель» лепшы за любы бензін, зроблены з выкапнёвых складнікаў, бо не ўтрымлівае серы і аліваў, што робіць яго больш бяспечным для асяроддзя. Да таго ж, з ім рухавік працуе цішэй, кажуць у Sunfire.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула