«Біблію князя Радзівіла» пусцяць жывой анлайн-трансляцыяй
Бо квіткоў на ўсіх ахвочых не хопіць.
У сувязі з вялікім попытам на квіткі на спектакль «Біблія князя Радзівіла» Моладзевы тэатр эстрады зладзіць анлайн-трансляцыю на Ustream. Гэта стане адной з першых анлайн-трансляцый спектаклю ў Беларусі.
Паглядзець трансляцыю можна будзе на канале ruhavik. Пачатак сёння а 19:00.
Спектакль прысвечаны 500-годдзю з нараджэння Мікалая Радзівіла Чорнага — мецэната, лідара руху Рэфармацыі ў Вялікім Княстве і намесніка вялікага князя. «Біблія князя Радзівіла» будзе паказвацца ў Моладзевым тэатры эстрады толькі 10 і 11 чэрвеня.
Падзеі «Бібліі князя Радзівіла» пачынаюцца ў 1551 годзе, калі памірае каралева Барбара, сястра Мікалая Радзівіла Чорнага, а затым і яго малодшы брат Ян, з якім так і не атрымалася памірыцца. Разам з тым у Мікалая Радзівіла нарастае напружанне з жонкай Альжбэтай.
«Ужо тыдзень таму квіткоў не было, — распавёў «Нашай Ніве» стваральнік ініцыятывы «Рухавік» Андрэй Кім. — Арганізатары даставілі яшчэ крэслы, але і гэтыя месцы ўжо амаль раскупілі».
Паводле яго слоў, на момант публікацыі застаўся хіба дзясятак квіткоў на заўтрашні спектакль.
***
Глядзіце таксама: Чаму Радзівіла Чорнага клеяць на білборды?