Два агенты ўкраінскай разведкі перабеглі на расійскі бок
Аляксей Мірашнічэнка працаваў у прыфрантавой зоне, а ягоны брат Юрый — пад дыпламатычным прыкрыццём у пасольстве Украіны ў Францыі.
Служба бяспекі Украіны абвінавачвае ў дзяржаўнай здрадзе двух афіцэраў Службы замежнай выведкі. Пра гэта кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка расказаў журналістам у аўторак.
«Сёння намі распачата крымінальная справа па артыкуле «дзяржаўная здрада» па факце пераходу на бок расійска-тэрарыстычных войскаў двух афіцэраў служб», — сказаў Налівайчанка.
«Мы, Служба бяспекі, аспрэчваем іх злачынныя паказанні, а таксама інтэрв'ю, якія яны там раздаюць. Пакаранне для іх будзе непазбежным», — сказаў Налівайчанка.
Браты Мірашнічэнкі — ураджэнцы Луганска.
«Мы вырашылі вярнуцца ў родны горад. Рашэнне мы прынялі добраахвотна, ніхто нас не прымушаў. Мы больш не можам мірыцца з тым, што дзеецца на Украіне. Там заселі здраднікі, фашысты, агенты спецслужбаў, якія вядуць краіну да краху», — расказаў Аляксей Мірашнічэнка на прэс-канферэнцыі, якую паказалі ўсе пуцінскія тэлеканалы.
Праўда, гаварылі Мірашнічэнкі абы-што. Напрыклад, са словаў Аляксея Мірашнічэнкі, амерыканскія спецслужбы мелі намер вазіць даляры для пратэстоўцаў Еўрамайдану праз аэрапорт Луганска.
«Відавочна усё [Еўрамайдан] было праплочана і арганізавана спецслужбамі ЗША. Яшчэ да захопу Луганскага будынка СБУ была інфармацыя, што амерыканскі самалёт прасіў вымушаную пасадку ў аэрапорце Луганска, аднак яму было адмоўлена. Паводле аператыўнай інфармацыі, на борце было паўтоны даляраў для пратэстуючых на Майдане», — кажа перабежчык на відэа Лайфньюс.
Нагадаем, што аэрапорт Луганска — найдалейшы ад Кіева, а рэгіён надзейна кантраляваўся Януковічам.
За час кіравання Віктара Януковіча выхадцы з Данецка і Луганска, ягоны клан, занялі ключавыя пазіцыі ва ўкраінскіх сілавых структурах. Землякі Януковіча ўзначальвалі усе сілавыя ведамствы. У выніку ў часе агрэсіі Расіі праца сілавікоў была часткова паралізаваная.