БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка пра Астравецкую АЭС: «Найлепшая ў свеце станцыя будуецца». Але бясплатных кватэр яе работнікам не будзе

28.07.2015 / 9:19

Сяргей Гезгала

Беларусь і Расея на БелАЭС хочуць паказаць прыклад атамных станцый будучыні. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка пры дакладзе па пытаннях падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі.

«Найлепшая ў свеце станцыя будуецца, і Расія хоча на прыкладзе гэтай станцыі паказаць разам з намі, якія атамныя станцыі павінны быць у будучыні», — верыць Лукашэнка. 

Ён нагадаў, што першы энергаблок станцыі мае быць здадзены ў 2018 годзе, другі — у 2020-м. «Спадзяюся, што вы да мяне не прыйдзеце бліжэй да 2018 года, можа, да іншага прэзідэнта, каб перанесці тэрміны», — цытуе яго БелТА.

Лукашэнка таксама патрабуе «не адрывацца ад рэалій» пры забеспячэнні жыллём спецыялістаў БелАЭС. Паводле яго слоў, уносяцца розныя прапановы для замацавання кадраў. Прэзідэнт перасцярог ад «кавалерыйскіх наскокаў» ў гэтым пытанні. «Там заробак будзе прыстойны ў рабацяг, сярэдняга і вышэйшага звяна. Як усюды ў свеце такія спецыялісты аплачваюцца. Трэба арыентавацца на тое, што нейкія сродкі яны ў стане плаціць за жыллё. Дапусцім, за арэнднае», — адзначыў Лукашэнка.

«Розныя варыянты могуць быць, але давайце іх абмяркуем, не адрываючыся ад рэальнай рэчаіснасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка і перасцярог ад таго, каб раздаць бясплатныя кватэры.

«Гэтага быць не павінна. Трэба людзям казаць, што яны прыйдуць на вельмі перспектыўнае месца працы з добрай зарплатай», — падкрэсліў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула