БЕЛ Ł РУС

Статкевіч заклікаў прыходзіць на акцыю памяці ахвяр сталінізму выключна са свечкамі, без сцягоў

29.10.2015 / 00:15

Мікола Бугай

«29 кастрычнiка на праспекце Незалежнасцi каля будынку КГБ у Мiнску а 18.30 пачнецца акцыя «Ланцуг памяцi». Мэта акцыi — нагадаць пра злачынствы сталiнiзму супраць беларускага народу i спынiць новыя злачынствы сучасных пераемнiкаў катаў з НКВД, —напісаў Мікалай Статкевіч у сябе ў фэйсбуку. — Не бярыце з сабой нiякiх сцягоў цi плакатаў, прыносьце толькi свечкi цi лампадкi», — удакладніў ён.

29 і 30 кастрычніка 1937 года было кульмінацыяй масавых расстрэлаў беларускіх элітаў. Савецкі рэжым знішчыў больш за 90% вышэйшых чыноўнікаў, топ-менеджараў (дырэктараў і галоўных інжынераў прадпрыемстваў), святароў, інтэлектуалаў, людзей мастацтва Беларусі. Гэта была прадуманая палітыка, аналагічная той, якую праводзілі на акупаваных тэрыторыях нацысты. Яе мэтай было пазбавіць паднявольныя народы ўласных эліт — тых груп, якія былі б здольныя ўзначальваць грамадства.

Беларусь і Украіна панеслі асаблівы цяжар рэпрэсій, бо Сталін разумеў, што гэтыя «заходнія» народы СССР патэнцыйна самыя нелаяльныя. Гісторык Цімаці Снайдэр назваў нашы краіны «крывавымі землямі», якія найбольш у Еўропе пацярпелі за 1930—1950 гады.

Усяго ў Беларусі было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек, з іх каля 200 тысяч загінула. Як выявіў гісторык Леанід Маракоў, жыццё некалькіх дзясяткаў тысяч скончылася ў сутарэннях будынка НКВД. Сваіх ахвяр энкавэдысты вывозілі грузавікамі і хавалі ў безназоўных брацкіх магілах у лесе каля вёскі Цна, які цяпер называецца Курапаты.

Большую частку ўдзельнікаў тых злачынстваў знішчылі самі сталіністы, такім чынам замятаючы сляды. Аднак некаторыя з іх засталіся непакараныя. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула