БЕЛ Ł РУС

Непрыкметны сілавік з Глыбокага: Пяць фактаў пра звольненага старшыню Следчага камітэта Валянціна Шаева

5.11.2015 / 1:0

Зміцер Панкавец

Аляксандр Лукашэнка вызваліў Валянціна Шаева ад абавязкаў кіраўніка Следчага камітэта «па згодзе бакоў». Новы старшыня СК пакуль не прызначаны. «НН» сабрала цікавыя факты з біяграфіі сілавіка.

Наступнік Вакульчыка

Фота БелТА

Валянцін Шаеў нарадзіўся ў 1964-м у Глыбокім. І да 2006 года ягоная біяграфія ўвесь час была цесна звязаная з Віцебскай вобласцю. Пасля таго, як у 1991 Шаеў скончыў БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства», ён пачаў працаваць у органах пракуратуры. Быў пракурорам Расонскага і Віцебскага раёнаў, а таксама Гомельскай вобласці. Менавіта з Гомельшчыны яго забралі ў Мінск.

У 2011 у Беларусі пачалося стварэнне Следчага камітэта, які забіраў частку функцый у Генеральнай пракуратуры і міліцыі. Менавіта на Следчы камітэт цяпер кладзецца расследванне большасці крымінальных справаў. Першым кіраўніком СК быў Валерый Вакульчык, якога праз год працы павысілі да старшыні КДБ.

У лістападзе 2012 Валянцін Шаеў стаў кіраваць Следчым камітэтам. Хоць самому Шаеву не асабліва ўдалося абрасці аўтарытэтам і важнасцю — харызмы яму відавочна не ставала, — але структура запрацавала даволі спраўна. На сёння СК – гэта самае адкрытае і празрыстае сілавое ведамства ў краіне. Паглядзім, ці застанецца такая палітыка пры новым кіраўніку.

Адзіны, хто не атрымаў новыя пагоны

Фота Сяргея Гудзіліна

Пра адстаўку Шаева загаварылі яшчэ ў маі. Гэткая канспіралагічная версія, але яна таксама мае права на жыццё. Напярэдадні Дня Перамогі Аляксандр Лукашэнка раздаваў новыя званні кіраўнікам практычна ўсіх сілавых ведамстваў. Генерал-лейтэнантамі сталі міністр абароны Андрэй Раўкоў, кіраўнік МУС Ігар Шуневіч, старшыня КДБ Валерый Вакульчык, міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. А генеральны пракурор Аляксандр Канюк атрымаў чын «дзяржаўны дарадца юстыцыі першага класа». Фактычна адзіным сілавіком з ключавых ведамстваў, хто не атрымаў павышэння, быў якраз Шаеў.

Бацька трох сыноў

Фота БелТА

У Валянціна Шаева вялікая сям’я, ён з’яўляецца бацькам трох сыноў. Двое малодшых па стане на пачатак году яшчэ хадзілі ў садок, старэйшы – у гімназію. Шаеў прызнаваўся, што жонка ўсё ж праводзіць больш часу з дзецьмі, але «асновы псіхікі і характару» закладвае ён сам: «Я ніколі не баяўся заставацца з дзецьмі адзін. Я стараюся навучыць дзяцей самастойнасці. Старэйшы сын ад пачатку хадзіў сам у школу і на трэніроўкі па каратэ».

Кажа, што любіць катацца з дзецьмі на каруселях у парку Чалюскінцаў. А вось бацькоў Валянціна Шаева ў жывых ужо няма.

«Сустракаць Новы год абавязкова трэба з бацькамі. Раней я адзначаў свята дзе заўгодна: з калегамі, сябрамі, на працы, у асяроддзі жонкі і дзяцей. А калі ўсвядоміў, што хочацца ў гэты момант знаходзіцца побач з бацькамі, такой магчымасці не стала…», — расказваў Шаеў летась.

Надзел у Драздах

Фота БелТА

Вялікай сям’і – вялікі дом. У красавіку 2014 года Валянцін Шаеў атрымаў надзел плошчай 0,12 га ў так званых «Драздах-2», мінскім раёне «Вяснінка». Рэальная рынкавая цана такога пустога надзела – $600-700 тысяч даляраў. Колькі гэта афіцыйных гадавых заробкаў для беларускага чыноўніка?

Цікава, што перад гэтым Валянцін Шаеў прапанаваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў: «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасцi, памер якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэта службовая асоба не можа пацвердзіць». Залатыя словы.

Аматар валейбола

Фота bvf.by

Як і большасць высокіх чыноўнікаў, Валянцін Шаеў меў нагрузку ў выглядзе кіраўніцтва адной з спартыўных федэрацый. Год таму сілавік узначаліў федэрацыю валейбола. Гэта від спорта, у якім беларусы маюць неблагія вынікі. Напрыклад, трапляюць на чэмпіянат Еўропы. Але валейбол у грамадстве зусім не раскручаны, яго рэдка паказваюць па тэлевізары, пішуць у газетах. Здзейсніць нейкі прарыў у гэтым накірунку так і не атрымалася. У Беларусі часцей за ўсё, страчваючы асноўную пасаду, чыноўнік пазбаўляецца і працы ў федэрацыі. Хіба Уладзімір Канаплёў у гандболе быў выключэннем з гэтай серыі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула