Апазіцыя Бірмы перамагае амаль ва ўсіх акругах на першых свабодных выбарах
На ўчастку для галасавання Су Чжы віталі тысячы людзей. Яны скандавалі «Пераможам! Пераможам!» Аднак лідарка руху за грамадзянскія правы была стрыманай. Фота ЭПА.
Паводле папярэдніх звестак, Нацыянальная ліга за дэмакратыю здабудзе 70% месцаў у парламенце Бірмы. Першыя за 25 гадоў свабодныя выбары ў Бірме, вядомай яшчэ як М'янма, адбыліся ў нядзелю.
Партыя салідарнасці — аналаг беларускай арганізацыі «Белая Русь» — атрымае толькі 5% мандатаў. Але дыктатура стварыла такую канстытуцыю, згодна з якой атрымае яшчэ 25% мандатаў, зарэзерваваных для арміі. Для змены канстытуцыі патрэбны 75% + адзін голас.
Як мяркуецца, новым прэм'ер-міністрам краіны можа стаць гістарычны лідар бірманскай апазіцыі, нобелеўская лаўрэатка Аўнг Сан Су Чжы.
Апошні раз свабодныя выбары праходзілі ў 1990 годзе. Нацыянальная ліга за дэмакратыю Аўнг Сан Су Чжы перамагла і тады, але ў адказ дыктатарскія ўлады краіны разагналі парламент і зняволілі Су Чжы.
Дыктатура давяла краіну да крайняй галечы. Бірма адстала ў развіцці ад суседніх Тайланда і Малайзіі, хоць мае вялікія прыродныя рэсурсы.
Аўнг Сан Су Чжы (лацінічнае напісанне яе імені Aung San Suu Kyi) — дачка забітага путчыстамі першага прэзідэнта краіны і лідар руху за грамадзянская правы.
Дыктатуру ў краіне ажыццяўляюцць вайскоўцы, яна доўжыцца ўжо больш за 50 гадоў. Яны прынялі такую канстытуцыю, згодна з якой прэзідэнтам краіны не можа стаць той, у каго ёсць блізкія сваякі грамадзяне іншых дзяржаў. А ў 70-гадовай Су Чжы нябожчык муж быў брытанцам, а дзеці жывуць у Канадзе.