«Працэс 14-ці». Дзень першы. Сьведка: Андрэй Кім быў на акцыі з грамафонам
18:15 Апытаныя ўсе сьведкі з боку міліцыі. Абвешчаны перапынак да заўтра.
18:15 Апытаныя ўсе сьведкі з боку міліцыі (каля 10 чалавек). Абвешчаны перапынак да заўтра. Пачатак а 10:30.
16:23 Дапытаны сьведка Караваеў. Ён расказваў ужо пра падзеі 10 студзеня. Караваеў сказаў, што бачыў, як дэманстранты несьлі расьцяжкі, на якіх прозьвішча прэзыдэнта было напісана з абразьлівымі словамі.
Таксама ён зазначыў, што з адлегласьці 300 м бачыў, як абвінавачаныя білі шкло ў аўтобусе маршруту №100. "У мяне вельмі добры зрок, таму мяне і ўзялі ў міліцыю", -- сказаў Караваеў.
Яшчэ засталося дапытаць каля 10 сьведкаў па справе 10 студзеня. І напэўна сёньня ўсе ня будуць апытаныя.
Тым часам судзьдзя Ільіна -- між іншым яна выносіла апошні прысуд Клімаву -- працягвае рабіць заўвагі падсудным за паводзіны падчас працэсу, у прыватнасьці, Тацяне Цішкевіч і Міхаілу Пашкевічу за сьмех з нагоды заявы, што Кім прыйшоў на акцыю пратэсту з грамафонам. Ільіна сказала, што яшчэ адна заўвага, і падсудныя будуць выдаленыя з залі суду.
15:31 Сьведка Сірач заявіў, што добра бачыў момант удару. Па ягоных словах, удар быў нанесены правай рукой. Андрэй Кім -- ляўшун.
15:02 Сьведка Блішчоў прызнаўся, што ня бачыў, як Кім наносіў удар Сычову, а ведае гэта толькі са словаў напарніка.
Блішчоў таксама ляпнуў, што Кім ішоў на акцыі з грамафонам. Сьмех у залі.
14.57 Пачаўся допыт сьведкаў.
14:52 Сычоў, у сваю чаргу, заявіў, што Кім нанёс яму адзін удар у твар, недалёка ад ГУМу, калі моладзь спрабавала прарваць ланцуг ДАІ. Андрэй Кім адмаўляе гэта.
14:32 Дае паказаньні Андрэй Кім. Ён дае паказаньні толькі па 21-га студзеня. Хлопец сказаў, што ўпершыню бачыць пацярпелага Сычова толькі ў пастарунку. Сказаў таксама, што нікога не зьбіваў.
14:23 Працэс адноўлены. Усе іншыя абвінавачаныя адмовіліся даваць паказаньні.
12:50 Уладзімер Сяргееў адмовіўся даваць паказаньні, бо лічыць суд несправядлівым.
Міхаіл Пашкевіч адзначыў, што быў на акцыі таму, што ягоны бацька прадпрымальнік, а ўказ Лукашэнкі паўплываў на становішча сям’і й ён прыйшоў выразіць свой пратэст замест бацькі.
Міхаіл Крываў сказаў, што акцыя мела мірны і негвалтоўны характар. І як у эўрапейскіх краінах, гарадзкія ўлады мусілі прадугледзець запасныя варыянты руху транспарту.
Хоць хадатайніцтва вядзеньня працэсу па-беларуску было адхілена, адвакат Галіеў папрасіў, каб тыя рэплікі, якія казаліся па-беларуску, запісваліся таксама па-беларуску.
У працэсе абвешчаны перапынак да 14 гадзін.
12:45 У залі суду праходзяць допыты абвінавачаных. Апыталі Міхаіла Пашкевіча й Міхаіла Крывава.
12:30 Каля «Мотавела» на прыпынку спэцназаўцы сказалі рэшце ўдзельнікаў групы падтрымкі, каб тыя ішлі сваім ходам у Заводзкі РУУС.
Хлопцы ж і дзяўчыны дачакаліся грамадзкага транспарту й паехалі назад да будынку суду.
12:25 Большасьці ўдзельнікаў групы падтрымкі па адным і парамі ўдалося ўцячы дварамі. Рэшта — 4 чалавекі — у суправаджэньні 8 спэцназаўцаў дайшлі ўжо да «Мотавела».
12:05 Тым часам у судзе ніхто з абвінавачаных не прызнаў сваёй віны. Абвінавачаньне падсудных грунтуецца на паказаньнях сьведкаў, фота- і відэаздымках.
12:00 Пасьля невялікай паўзы ды перамоў з начальствам эскорт з 15 байцоў спэцназу павёў групу падтрымкі далей на паўднёвы ўсход па вуліцы Леніна, у бок Трасьцянецкай вуліцы.
11:50 Тым часам групу падтрымкі з‑пад сьценаў суду «давялі» аж да станцыі мэтро «Першамайская», гэта недзе за кілямэтар ад суду. Аднак у мэтро актывістам спускацца не даюць. Адзін з спэцназаўцаў сказаў: «будзем гуляць пакуль не сьцямнецца»
11:35 Хадайніцтва адносна перакладчыка й вядзеньня працэсу па-беларуску адхіленае з тым тлумачэньнем, што «накіраванае на зацягваньне працэсу».
11:30 Людзей з партрэтамі адціскаюць з-пад будынку суду. Тыя не супраціўляюцца й ідуць паперадзе міліцыянтаў з паднятымі партрэтамі.
11:15 У разглядзе справы абвешчаны перапынак.
На працэсе прысутнічаюць усе абвінавачаныя. Зьявіўся пацярпелы — Ігар Сычоў.
Дзяржаўным абвінаваўцам зьяўляецца намесьнік пракурору Цэнтральнага раёну Менску Андрэй Рамашэўскі.
Прайшло азнаямленьне зь біяграфічнымі зьвесткамі падсудных.
Міхаілам Пашкевічам, Антонам Койпішам, Алесем Стральцовым і Арцёмам Дубскім было заяўлена хадайніцтва, каб працэс і справаводзтва вяліся на беларускай мове.
Дзяржабвінаваўца сказаў, што гэтае хадайніцтва немагчыма задаволіць, бо, паводле ягоных слоў, усе абвінавачаныя павінны добра валодаць расейскай мовай, бо ўсе вучыліся ў школах, унівэрсытэтах і іншых навучальных установах. Рамашэўскі таксама заявіў, што Пашкевіч нарадзіўся ў Комі і дакладна мусіць валодаць расейскай мовай. Міхаіл Пашкевіч на гэта заявіў, што для яго гэтае пытаньне ёсьць прынцыповым.
Перад варотамі суду 15 маладых людезй, сярод іх Артур Фінькевіч і Зьміцер Дашкевіч, сталі ў шэраг з партрэтамі актывістаў, якіх цяпер судзяць.
Найстарэйшы з абвінавачаных — Міхаіл Крываў, яму 30 гадоў. Самая маладая — Тацяна Цішкевіч, ёй дваццаць.
Адвакаты ў працэсе:
- Сьвятлана Гарбаток (у Антона Койпіша, Алеся Стальцова),
- Павал Сапелка (у Арцёма Дубскага, Алеся Чарнышова)
- Мар’яна Сямешка (у Аляксея Бондара, Уладзімера Сяргеева)
- Аляксандар Галіеў (у Тацяны Цішкевіч, Міхаіла Крывава, Міхаіла Пашкевіча)
10:30 Урэшце працэс пачаўся. Абвінавачаных пусьцілі ў суд у майках з цытатай з Канстытуцыі. У залі — каля 70 чалавек.
10:00 У судзе Цэнтральнага раёну сталіцы пачынаецца разгляд справы ўдзельнікаў вулічных маніфэстацый 10 студзеня.
Перад пачаткам працэсу ля будынку суду па вуліцы Кірава, 21 сабралося каля 70‑80 чалавек, якія прыйшлі падтрымаць абвінавачаных.
У залю, аднак, патрапілі толькі каля дзьвюх дзясяткаў чалавек. Сярод іх прадстаўнікі амэрыканскага й славацкага пасольстваў, некаторыя журналісты й праваабаронцы.
Цікава, што ў будынак суду не пускаюць фігурантаў справы. Справа ў тым, што ўсе яны апранутыя ў белыя майкі, на якіх сьпераду напісана «Люблю Беларусь», а ззаду — «Свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацый і пікетаваньняў гарантуецца дзяржавай. Артыкул 35 Канстытуцыі РБ». Ад іх патрабуюць, каб яны зьнялі гэтыя майкі.
А 10‑й гадзіне фігуратны справы ўсталі перад судом на ганку й прагукалі «Разам».
Працэс вядзе судзьдзя Алена Ільіна.
На лаве падсудных — адначасова аж 10 чалавек: Андрэй Кім, Міхаіл Пашкевіч, Аляксей Бондар, Уладзімер Сяргееў, Арцём Дубскі, Алесь Стральцоў, Алесь Чарнышоў, Антон Койпіш, Міхаіл Крываў і Тацяна Цішкевіч. Кім будзе сядзець у судовай клетцы, іншыя фігуранты справы разьмесьцяцца ў залі.
Аляксандра Баразенку, Паўла Вінаградава, Міхаіла Субача і непаўналетняга Максіма Дашука будуць судзіць пазьней. Гэтая чацьвёрка нясвоечасова азнаёмілася з матэрыяламі справы, таму працэс над імі і перанесьлі на нявызначаны тэрмін.
Андрэя Кіма будуць судзіць адразу па двух артыкулах КК, апроч акцыі прадпрымальнікаў, у віну яму ставіцца зьбіцьцё супрацоўніка ДАІ на мітынгу 21 студзеня. Толькі па другой справе яму пагражае да 6 шасьці гадоў зьняволеньня. Ад 31 студзеня А.Кім знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага.
1 красавіка судзьдзя Ільіна па хадайніцтве дзяржабвінаваўцы пастанавіла аб’яднаць дзьве крымінальныя справы супраць моладзевага актывіста ў адну.