Полацак абвясьціў сябе цэнтрам Эўропы
У Полацку на Дзень гораду адкрылі памятны знак «Геаграфічны цэнтар Эўропы». На 55 градусе 30 хвіліне паўночнай шыраты і 28 градусе 48 хвіліне ўсходняй даўжыні пабывала фотакарэспандэнтка «НН» Юлія Дарашкевіч.
У Полацку на Дзень гораду адкрылі памятны знак «Геаграфічны цэнтар Эўропы». На 55 градусе 30 хвіліне паўночнай шыраты і 28 градусе 48 хвіліне ўсходняй даўгаты пабывала фотакарэспандэнтка «НН» Юлія Дарашкевіч.
Яшчэ нядаўна цэнтрам Эўропы беларусы лічылі возера Шо, што на Глыбоччыне. Аднак айчынныя геадэзісты чарговы раз пры дапамозе новых тэхналёгій пералічылі каардынаты, і сэрца Эўропы перамясьцілася ў Полацак. Цяпер пра гэта сьведчыць памятны знак, адкрыты ў межах сьвяткаваньня Дня гораду ў мінулыя выходныя.
Адразу ж зьявілася і новая традыцыя — кідаць на помнік грошы. Манетаў беларусы ня маюць, таму за лічаныя хвіліны цэнтар Эўропы быў завалены дробнымі купюрамі.
Сьвята гораду распачалося з канцэрту клясычнай музыкі пад мурамі Сафіі. Пакуль з аднаго боку сабору сьпявалі арыі, зь іншага гандлявалі «Аліварыяй».
Ва ўрачыстым шэсьці па вуліцах Полацку прынялі ўдзел кіраўніцтва гораду (мэра Ўладзіміра Тачылу суправаджала калісьці беларуская сьпявачка Ліка Ялінская, а зараз жонка расейскага кiлбаснага магната Анжаліка Агурбаш), вясельныя пары, перадавікі вытворчасьці і маладыя спэцыялісты.
Адзін са сваіх старых гітоў выканала для палачанаў Гюнеш. Беларуская сьпявачка канчаткова пазбавілася сваіх азэрбаджанскіх каранёў - яшчэ раней перафарбавала, а зараз і абрэзала некалі шыкоўныя валасы (пагаворваюць, што менавіта з-за ўсходняга калярыту Гюнеш Абасава "праляцела" на Славянскім базары і на адборах на Эўрабачаньне).
На цэнтральных вуліцах гораду працавалі народныя ўмельцы, а таксама кропкі з шашлыкамі.