БЕЛ Ł РУС

Фэст Маці Божай Будслаўскай. Фота + відэа

2.07.2008 / 22:22

Nashaniva.com

дадалося відэа

30 тысяч чалавек сабралася на вечаровую імшу 1 ліпеня перад Будслаўскім касьцёлам бэрнардынаў. Фота Юліі Дарашкевіч.

Прыкладна 30 тыс. пілігрымаў з Мінска, Нарачы, Жодзіна, Ракава, Радашковічаў, Вілейкі, Магілёва, Віцебска і іншых населеных пунктаў Беларусі вечарам 1 ліпеня ўзялі ўдзел у вячэрняй імшы перад Будслаўскім касцёлам бернардзінцаў у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці.

Самая вялікая група пілігрымаў — каля 1.500 чалавек — прыбыла ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай з Віцебскай дыяцэзіі, паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар Беларускай рымска‑каталіцкай царквы ксёндз Аляксандр Амяльчэня. Апрача таго, прыехала група байкераў з Польшчы, каб памаліцца за беларускіх палякаў.

Як зазначыў ксёндз Аляксандр, у сваёй адозве да пілігрымаў мітрапаліт Мінска‑Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў удзельнікаў урачыстасцей у Будславе маліцца за візіт Бенедыкта XVI у Беларусь.

Сёлета для ўдзелу ў традыцыйным храмавым свяце 1—2 ліпеня, прысвечаным 10‑годдзю каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай, запрошаны Тадэвуш Кандрусевіч, апостальскі нунцый арцыбіскуп Марцін Відовіч і ўсе каталіцкія біскупы краіны, а таксама духоўныя хоры.

У праграму свята ўключаны ўрачыстыя імшы, Марыйныя няшпары (праслаўленні Ісуса Хрыста і Маці Божай, падчас якіх выконваюцца псалмы), акафіст, пакланенне святым дарам, працэсіі і літаніі да Маці Божай. У свяце бяруць удзел таксама вернікі грэка‑каталіцкай царквы.

Удзельнікі свята будуць адзначаць 10‑годдзе з дня, калі кардынал Казімір Свёнтак каранаваў папскімі каронамі абраз Маці Божай Будслаўскай, што з’яўляецца прызнаннем яго цудатворнасці.

БелаПАН

Фота Юліі Дарашкевіч

Відэа Тацяны Гаўрыльчык

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула