Трамп не з пустымі рукамі едзе ў Варшаву на сустрэчу з кіраўнікамі краін Міжмор'я
У чацвер прэзідэнт ЗША Дональд Трамп сустрэнецца ў Варшаве з кіраўнікамі краін Міжмор'я — рэгіёна паміж Балтыйскім, Чорным і Адрыятычным марамі. Трамп едзе не з пустымі рукамі: ён вязе прапанову купляць амерыканскі звадкаваны газ, каб зменшыць залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў.
Прэзідэнты ЗША Дональд Трамп (злева) і Польшчы Анджэй Дуда.
Такая перспектыва спакушае ўсходнееўрапейскія краіны. Калі ёсць тэрміналы звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), Масква больш не можа шантажаваць краіны пагрозай перакрыцця трубы зімой, у ацяпляльны сезон.
Літва збудавала ўласны тэрмінал для ЗПГ пад Клайпедай, а Польшча — у Свінавусці. Харватыя мае дабудаваць уласны ЗПГ-тэрмінал да 2019 года.
Акрамя таго, плануецца пабудова ўсходнееўрапейскага транспартнага калідора ад Клайпеды праз Коўна, Польшчу, Славаччыну, Венгрыю, Румынію і Балгарыю да грэчаскага порта Салонікі. Гэтая мегаінвестыцыя перпендыкулярам звяжа існуючыя аўтамагістралі і дарогі з Заходняй ва Усходнюю Еўропу.
Міжмор'е, або па-ангельску Three Seas Region, ахоплівае краіны ад Эстоніі да Харватыі і Балгарыі. Часам у яго ўключаюць і Беларусь з Украінай, натуральны яго ўсходні фланг. Але пакуль ні Мінск, ні Кіеў не ўдзельнічаюць у Three Seas Initiative, да якой належаць толькі 12 краін Еўрасаюза. Польшча — самая моцная эканоміка і самая населеная краіна рэгіёна. Іншы паслядоўны саюзнік ЗША ў Міжмор'і — Румынія. Трэцім можа стаць Украіна.
Беларусь застаецца татальна, на 95% залежнай ад расійскага газу і нафты. Усе іншыя краіны рэгіёна ў большай ці меншай ступені ўжо знізілі залежнасць ад адной крыніцы. Дыверсіфікацыя адбылася збольшага за кошт нафты. ЗПГ ж дазваляе дыверсіфікаваць таксама пастаўкі газу.
З Варшавы Трамп пераедзе ў Нямеччыну на саміт G20 — найбольшых краін планеты. Там яго чакаюць няпростыя перамовы з Ангелай Меркель, што абараняе інтарэсы Еўропы, і першая сустрэча з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.
Варта адзначыць, што рэйтынг Трампа ў ЗША застаецца рэкордны нізкім для прэзідэнта. Многія схільныя бачыць за дзеяннямі Трампа перадусім выгаду для звязаных з ім амерыканскіх карпарацый. Адносіны Трампа з еўрапейскімі лідарамі застаюцца нацягнутымі.