БЕЛ Ł РУС

Прарасійская партыя пацярпела балючую паразу на выбарах у Малдове

25.02.2019 / 0:15

Сяргей Гезгала

Абноўлена

Мультымільянер і лідар Дэмакратычнай партыі Улад Плахатнюк (на фота справа) захавае кантрольны пакет у малдаўскай палітыцы. Фота evenimentul.md.

Прарасійскія сацыялісты набіраюць толькі 31% галасоў пасля апрацоўкі 97% бюлетэняў. Гэта нашмат менш, чым разлічваў іх лідар, прэзідэнт Ігар Дадон.

У праеўрапейскай апазіцыйнай кааліцыі «Зараз» — 26% галасоў, у іншай праеўрапейскай Дэмакратычнай партыі Малдовы — каля 24% галасоў. Яшчэ 8% набірае партыя бізнэсоўца Ілана Шора.

За дэмакратаў прагаласавала большасць сельскіх раёнаў. Сацыялістаў падтрымалі вялікія гарады, дзе жыве шмат выхадцаў з Расіі. 

«Зараз» найбольш набірае ў Кішынёве і тых раёнах, скуль паходзяць яго лідары. Гэтая палітычная сіла збіраецца вывесці людзей на паслявыбарчыя пратэсты.

Партыя Шора — гэта асобны выпадак. Шор нарадзіўся ў Ізраілі, але робіць бізнэс на радзіме сваіх бацькоў у Малдове. Ён атрымаў 7,5 гадоў турмы за крадзеж грошай з банкаўскай сістэмы, але гэта не перашкодзіла яму здабыць папулярнасць у пэўных колах.

Траціна месц у сацыялістаў — гэта не той вынік, на які разлічвала Масква. «Спутнік-Малдова» напярэдадні выбараў публікаваў звесткі «сацапытанняў», якія давалі сацыялістам амаль палову галасоў.

У аднамандатных акругах большасць мандатаў забяруць прадстаўнікі цяперашняй «партыі ўлады» — Дэмакратычнай. Але і лідары апазіцыі ўпэўнена перамаглі ў сваіх: Андрэй Нэстасэ з «Зараз» — у прыгарадах Кішынёва, Мая Санду з «Зараз» — на акрузе для выбарцаў-эмігрантаў, а Зінаіда Грачаная з Партыі сацыялістаў на сваёй радзіме на поўначы Малдовы.

Калі не будзе вялікіх змен пры канчатковым падліку галасоў, Сацыялісты атрымаюць 35 мандатаў, Дэмакратычная партыя — 30, «Зараз» — 26 месцаў, партыя Шора — 7. Яшчэ 3 мандаты здабылі беспартыйныя кандыдаты. Усяго ў парламенце Малдовы — 101 месца.

Можна прагназаваць, што Дэмакратычная партыя мультымільянера Улада Плахатнюка па выніках выбараў застанецца пры ўладзе. Пытанне, з кім яна ўвойдзе ў кааліцыю гэтым разам. Звяртае на сябе ўвагу таксама высокі вынік кааліцыі «Зараз», якога яна дасягнула пасля таго як апазіцыйныя партыі здолелі аб'яднацца за два месяцы да выбараў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула