Дарослы век відэакліпу
Споўнілася 20 гадоў з часу выпуску першага беларускага музычнага роліка.
Споўнілася 20 гадоў з часу выпуску першага беларускага музычнага роліка.
Гэтай гадавіне быў прысвечаны ІІ беларускі кліп-марафон, які адбыўся 28 снежня на сядзібе партыі БНФ. Акцыю правялі Міхал Нядзьвецкі і Франак Вячорка з «Моладзі БНФ»
Быў паказаны сама першы беларускі відэакліп. Гэта музычны ролік «Ура» гурта «Бонда», зняты рэжысёрам Віталём Шувагіным. Сціплы па сённяшнім меркам кліп, што глядзіцца, як цікавы гістарычны дакумент – у 1988 годзе каштаваў «Жыгулі». У кадры удзельнікі «Гукання вясны» вітаюць музыкаў – і разбіваюць пазалочаныя муляжы Сталіна.
Яшчэ адзін рарытэт – чорна‑белы «Гомельскі вальс» 1996 году – разынка кліп‑марафону. Лічылася, што гэты ролік, прымеркаваны да 10‑годдзя Чарнобылю, які так нідзе і не паказваўся, знік назаўжды. Але кліп знайшоўся. У роліку рок‑музыка Ігар Варашкевіч спявае разам з дзяржаўным папсавіком Анатолем Ярмоленкам, а сам «Гомельскі вальс» зняты Ягорам Хрусталёвым.
Сучасныя кліпы, якія былі размеркаваныя па намінацыях «Найлепшая анімацыя», «Найлепшы перформанс» і «Найлепшая альтэрнатыва» – сведчаць, што мастацтва беларускага відэакліпу дасягнула дасканалай мастацкай сталасці.
Асабліва ўражвае анімацыя.
Кліп «Да цябе» Тацяны Беланогай – лірычны ролік з дасціпнай пластылінавай анімацыяй. «Тры расейскія літары» ZIGZAGа і «Эўравізія» Лявона Вольскага – хуліганскі сцёб з «соўсна‑крывавымі» і «цэнзураванымі» кадрамі. Песня «Крамы» «Падае дождж» выкарыстоўвае медытатыўную тэхніку Таркоўскага й японскай анімацыі (прыз арганізатараў фэсту).
А вось «Тры янгалы» «Тройцы» – сапраўдны філасофскі шэдэўр з брэйгелеўскімі матывамі, тэхнафальклорнымі цудамі – і сюррэалістычна‑пяшчотнай беларускай графікай (прыз за найлепшую анімацыю).
Перфомансы з аптымістычнымі назвамі: «Люблю людзей» (Tarpach), «Жыццё» (Нейрадзюбель) і «Смерці няма» (Partyzone) – насычаныя правакацыйнай дэпрэсіўна‑андэграўнднай атмасферай. Сама вынаходлівы ролік «Tanki» гурту ZIGZAG – кавер‑версія аднайменнай кампазіцыі Аляксандра Куллінковіча. Тры муміфакаваныя дамы з сонечна‑атрутнымі фрызурамі, рэзкія рухі, сненні, трубкі з жыццёвымі вадкасцямі, параноя – і тэлевізар. Ролік стаўся дэбютам беларускага рэжысёра Арцёма Лобача (прыз за найлепшы перформанс).
Кліпы «Альтэрнатывы» «Адлегласьць» (J:Mopc), «Дажджамі» (B.N), «Калыханка» (MAUZER), «Кастрычнік‑2» (ZIGZAG), «Неба» (Крама) і «Неба шэрае» (DALI) – збольшага роўныя і адзін перад адным не вылучаюцца (па выніках глядацкага галасавання перамог гурт «B.N»). У любым выпадку, за гэтыя ролікі на музычных каналах не будзе сорамна.
20‑годдзе беларускіх кліпаў падсумаванае й DVD–складанкай, якая пакідае добрае ўражанне. Дыск «Кліп‑Марафон: найлепшае беларускае музычнае відэа 1988‑2008 гг.», утрымлівае 43 музычныя ролікі (сярод іх – большасць, паказаных на фэсце і многія іншыя). Неўзабаве ён мусіць з’явіцца ў крамах.
Цяпер можна з упэўненасцю сказаць: ёсць добрыя беларускія кліпы.
І сярод іх ёсць шэдэўры – вартыя сучасных музеяў.