Іспанскія выбары: назіраем, як дзейнічалі каталонскія незалежнікі
Выбарчы спіс Рэспубліканскай лявіцы Каталоніі ўзначальвалі палітвязні, якія сядзяць у іспанскіх турмах.
Каталонскія незалежнікі павялічылі колькасць мандатаў у іспанскім парламенце пасля выбараў 29 красавіка. У мінулым скліканні яны паслалі 17 дэпутатаў, у новым мецьмуць 22. Усяго Каталонія мае ў картэсах 48 мандатаў.
Гэта не азначае, што падтрымка незалежніцкіх партый у працэнтавых адносінах вырасла. Грамада ў Каталоніі застаецца падзеленая прыкладна ў ранейшых адносінах.
Тры абсалютна «пра-іспанскія» партыі — праваліберальныя «Грамадзяне», кансерватыўныя Народнікі і ультраправы, нацыяналістычны Vox — сабралі 20% галасоў. Памяркоўна «заадзінствавыя» каталонскія сацыялісты сабралі 23%. У той жа час тры сілы, для якіх незалежнасць — галоўная мэта, набралі каля 40% галасоў. Яшчэ 15% атрымаў блок, ад пазіцыі якога, уласна, і залежыць, на чый бок схіляцца шалі большасці. Гэта каталонскі саюзнік іспанскага Podemos, кааліцыя En Comú Podem - Guanyem el Canvi, якая складаецца з радыкальных левых, экалагістаў і левалібералаў. Гэтая апошняя кааліцыя не мае акрэсленай пазіцыі па незалежнасці, але выступае за тое, каб каталонцы вызначыліся па гэтым пытанні на рэферэндуме. Супраць апошняга катэгарычна выступае Мадрыд і «пра-іспанскія» партыі Каталоніі. Яны кажуць: канстытуцыя не дазваляе, і ўсё.
Што да незалежніцкага лагера, то ён па-ранейшаму складаецца з такіх трох частак.
Раней самай моцнай у ім была правацэнтрысцкая, ліберальна-кансерватыўная плынь, якую ўзначальваў Карлес Пучдэмон, сёння яна называецца Junts per Catalunya («Разам за Каталонію»). Цяпер самай папулярнай стала левацэнтрысцкая Рэспубліканская лявіца Каталоніі — Esquerra Republicana de Catalunya (ERC).
Пучдэмон эміграваў з краіны, каб пазбегнуць арышту. Тады як лідар Рэспубліканскай лявіцы Урыёль Жункерас застаўся ў краіне, быў арыштаваны і застаецца ў турме. Уласна, з турмы ён узнальваў спіс ERC на выбарах у Картэсы.
Акрамя таго, істотную частку галасоў збірае крайне левая кааліцыя Candidatura d'Unitat Popular («Кандыдаты народнага адзінства», якую складаюць пранезалежніцкія левыя радыкалы, экалагісты, трацкісты, анархісты (не блытаць гэтую кааліцыю з En Comú Podem).
У каталонскім парламенце тры гэтыя партыі маюць мінімальную большасць.
Вось такі складаны палітычны спектр мае Каталонія, і незалежнікі могуць дасягаць поспехаў, толькі калі ўмеюць паядноўваць левых і правых, хадэкаў з феміністкамі. Трэба адзначыць, што ў Іспаніі, як і ў іншых еўрапейскіх краінах сумленна лічаць галасы, а перадвыбарчая агітацыя вядзецца свабодна.
Беларусы з цікавасцю назіраюць за Каталоніяй, бо каталонцы — прыклад народу, які адрадзіў сваю мову. Каталонцы даказваюць, што нацыянальныя каштоўнасці могуць заставацца важнымі ў глабалізаваным свеце.
Сярод знакавых постацяў у калейдаскопе каталонскіх незалежнікаў — футбольны трэнер Гвардыёла, спявак-тэнар Карэрас, знакаміты біёлаг, эпігенетык Манэль Кастэлер, спявак Люіс Льяк, манашка-бенедыктынка Тэрэса Фаркадэс, футбалісты Алегер і Піке.
У новы іспанскі парламент каталонскія незалежнікі сімвалічна абралі палітвязняў — арганізатараў забароненага Мадрыдам рэферэндуму аб незалежнасці, арыштаваных іспанскім спецназам.