У ЛПП з аркестрам
У Мінску прайшла ўрачыстая адпраўка ў лячэбна-працоўны прафілакторый 35 хранічных алкаголікаў. Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле аркестра ГУУС на тэрыторыі цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч.
15 студзеня ў Мінску ў межах антыалкагольнай акцыі сталічнай міліцыі «Калі піць — у сям’і не жыць» адбылася першая сёлета адпраўка ў ЛПП у Навагрудак 35 хранічных алкаголікаў, жыхароў сталіцы. Мерапрыемства прайшло пры ўдзеле аркестра ГУУС на тэрыторыі цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў.
Тым, каго адпраўлялі ў лячэбна‑працоўны прафілакторый, раздалі кефір.
Пагрузка ў аўтобус праходзіла пад кампазіцыю з эпізоду «Напарнік» кінакамедыі Леаніда Гайдая «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» і марш «Развітанне славянкі». Усе адпраўленыя ў ЛПП — мужчыны. Праз некалькі гадзін тут жа пройдзе адпраўка ў лячэбна‑працоўны прафілакторый 10 жанчын‑алкаголікаў.
Як паведаміў у гутарцы з журналістамі начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Юрый Сарокін, у Беларусі працуюць тры мужчынскія і адзін жаночы ЛПП, «якія выконваюць функцыі ізаляцыі антысацыяльных элементаў ад грамадства» і ажыццяўляюць іх лячэнне. Летась у ЛПП было накіравана 850 чалавек, у тым ліку 135 жанчын.
Прадстаўнік ГУУС зазначыў, што адпраўка ў ЛПП не лічыцца судзімасцю, хаця рашэнне аб гэтым прымае суд, які прызначае тэрмін знаходжання ў прафілакторыі — ад 1 да 1,5 года.
Алкагалікоў выстраілі ў ланцуг перад журналістамі
Усім раздалі па пакунку кефіра
Міліцэйскі аркестр граў марш "Развітанне славянкі"