Любоў вусатай свінні
Ягоная слава грыміць у мястэчках і вёсках. Ён пагроза нягоднікаў – і абаронца слабых. Яму зайдросцяць і яго паважаюць. У гэтую вусатую свінню закаханыя самыя прыгожыя жанчыны...
Ягоная слава грыміць у мястэчках і вёсках. Ён пагроза нягоднікаў – і абаронца слабых. Яму зайдросцяць і яго паважаюць. У гэтую вусатую свінню закаханыя самыя прыгожыя жанчыны.
Пілот Марка пасля Першай сусветнай вайны расчараваўся ў сабе і людзях – і набыў натуральны свінны лыч дый парсюковыя вушы. Ніхто не ведае, як і чаму з'явіўся гэты праклён, але гэта не замінае герою змагацца з піратамі, уцякаць ад тайнай паліцыі і выйграваць заклады.
Напачатку фільм Міядзакі разглядаўся толькі як рэкламна-забаўляльны ролік японскіх авіаліній – і мусіў быць толькі 45 хвілінаў. Але рэжысёр зрабіў з яго поўнаметражную прыпавесць, якой цяжка знайсці адпаведнік у гісторыі кіно.
Карціна Міядзакі – шэдэўр стылю з чуллівым замілаваннем да рэтра-тэхнікі, блакітам нябёсаў, пацешнымі гангстэрамі і нязграбнымі фашыстамі, які пераследуюць героя “за здраду Радзіме, парушэнне межаў, упадніцтва, парнаграфію і свінства”.
У цнатліва-чыстых карцінах Міядзакі, дзе няма ані кроплі плюгасці, ёсць нетлумачальная магія кінаэкрану, меланхолія і філасофская глыбіня. Фільм – рэалістычная казка пра тое, як цяжка быць чалавекам сярод свінняў, калі ты і сам свін. Гэта партрэт эпохі – з чароўнымі спевамі, жанчынамі-інжынерамі і Вялікай Дэпрэсіяй. Гэта меладрама – пра сум і самоту сэрца, якое ўхіляецца ад любові; але толькі любоў і здольная вярнуць чалавечае аблічча.
Фільм выйшаў у абмежаваны пракат у суседскіх краінах, у Беларусі ён даступны на лічбавых носьбітах.