У Вільні пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі, Літвы і Украіны
14 лютага ў Вільні пройдзе сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі, Літвы і Украіны, паведамілі ў прэс‑службе МЗС Літвы.
Парадак дня сустрэчы будзе ўдакладнены пазней, зазначылі ў літоўскім знешнепалітычным ведамстве.
У прэс‑службе МЗС Беларусі не змаглі пацвердзіць інфармацыю аб удзеле ў сустрэчы беларускага міністра, спаслаўшыся на тое, што «каментуюць толькі найбліжэйшыя падзеі».
Між тым, паводле інфармацыі беларускага палітычнага аналітыка Рамана Якаўлеўскага, асноўнай тэмай сустрэчы стануць магчымасці супрацоўніцтва трох краін у рамках новай палітыкі Усходняга партнёрства Еўрасаюза. Эксперт сказаў, што «абмяркоўвацца будзе вялікая колькасць знешнепалітычных тэм, а таксама праект паставак энергіі з Украіны па Беларусі ў краіны Балтыі».
«Польская дыпламатыя саступае Вільні ў дынаміцы і выніках развіцця адносінаў з Мінскам», — заявіў Р.Якаўлеўскі, каментуючы адсутнасць на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Беларусі, Літвы і Украіны прадстаўніка Польшчы, адной з краін, што ініцыявалі палітыку Усходняга партнёрства.
Палітыка Усходняга партнёрства прадугледжвае пашырэнне палітычнага ўзаемадзеяння і эканамічнай інтэграцыі з шасцю постсавецкімі краінамі: Арменіяй, Азербайджанам, Беларуссю, Грузіяй, Малдовай, Украінай.
2 лютага ў інтэрв’ю еўрапейскаму тэлеканалу навін «Еўраньюс» Аляксандр Лукашэнка прывітаў Усходняе партнёрства як «прагматычны, разумны і своечасовы крок ЕС», «пазітыўны крок Еўрасаюза ў адносінах да сваіх суседзяў».