“Дарога зменаў”
Драма Сэма Мэндэза з Леанарда ДыКапрыё і Кейт Ўінслет.
Эйпрыл і Фрэнк Ўілер жывуць у невялічкім амерыканскім прыгарадзе. Але шэрая рэчаіснасць зацягвае – і Эйпрыл марыць сям’ёй з’ехаць у Парыж, каб пачаць новае і нянуднае жыццё. Ці вытрымае сям’я дзіўныя мары?
Карціна Сэма Мэндэза, разыграная з найдакладнейшым акторскім майстэрствам – камерная псыхалагічная драма, багатая глыбокімі падтэкстамі.
Нехта ўбачыць у карціне трагедыю эмансіпацыі, калі жанчына 50-ых гадоў, затурканая хатняй працай, паспрабавала “вырвацца з абдымкаў патрыярхату”.
Для больш удумлівых гледачоў стужка гаворыць пра экзыстэнцыйныя крызісы, пра спробы ўцёкі ад безнадзейнай пустэчы. Толькі няма куды ўцякаць, калі пустэча ў сэрцы, а грамадства само само спараджае і сілкуецца безнадзейнасцю.
Але фільм Сэма Мэндэза, як і шэдэўры Тэнэсі Ўільямса – пра небяспеку мараў, якія вядуць да смерці. Пра любоў і неабходнасць паразумення.
Пра мужнасць і мудры гераізм, якія патрабуюцца, але якіх бракуе – каб жыць у звычайнай штодзённасці.