БЕЛ Ł РУС

«Правілы зносінаў з сабакамі»: як правільна і бяспечна стасавацца з хатнімі жывёламі

10.12.2019 / 17:29

Калі сабака зажмурваецца — што ён хоча гэтым сказаць? А калі глядзіць проста ў вочы? Увогуле, як правільна паводзіцца з сабакамі? Адказ на гэтыя пытанні дакладна ведае кінолаг Святлана Брылеўская — стваральніца памяткі бацькам «Правілы зносінаў з сабакамі».

Святлана Брылеўская.

Памятка «Правілы зносінаў з сабакамі» — невялікая, але змястоўная. Яна адрасаваная ў першую чаргу бацькам, бо менавіта яны абавязаныя навучыць дзіця правільна і бяспечна стасавацца з хатнімі жывёламі.

У брашуры ўтрымліваюцца асноўныя моманты ўзаемаадносінаў з сабакамі: як правільна чытаць сігналы іх цела; як паводзіцца з сабакам, калі ён з гаспадаром (і калі без гаспадара) і інш.

Ідэя памяткі — арганічны працяг сацыяльна-асветніцкай працы па паводзінах з сабакамі, якую Святлана вядзе ў Фаніпалі. Біёлаг паводле адукацыі, яна ўжо шмат гадоў займаецца кіналагічнай і заводчыцкай працай: жанчына — стваральніца «Цэнтра аматараў жывёл «ЛАВБРИЛ», а з 2018 года — адна з арганізатарак сацыяльна-асветніцкага кіналагічнага фестывалю «ДогФэст» у Фаніпалі. Акрамя таго, Святлана 9 гадоў супрацоўнічае з абарончымі зааарганізацыямі, актыўна дамагаецца стварэння ў Фаніпалі пляцовак для выгулу і дрэсіроўкі сабак, а на родным біяфаку БДУ ініцыявала лекцыю «Грамадства і сабака».

Святлана даўно марыла сабраць правілы паводзінаў з сабакамі. Бо кожны гаспадар павінны разумець мяжу адказнасці, калі заводзіць чатырохногага сябра. Жывёліна заўсёды стараецца быць найлепшым сябрам чалавека, але мы не заўсёды яе разумеем. Веданне правілаў ўзаемаадносінаў дапамагае пазбегнуць непатрэбных канфліктаў. Дый увогуле, калі ў пажарнікаў ёсць памяткі як правільна паводзіцца з агнём, а ў ДАІ — правілы дарожнага руху, чаму не распрацаваць такую памятку па паводзінах з сабакамі?

Памятка бацькам «Правілы паводзінаў з сабакамі» пабачыла свет у рамках яшчэ аднаго сацыяльна-асветніцкага праекта Святланы — «Адукацыйныя сустрэчы па правілах камунікацыі з сабакамі ў Фаніпалі». Восенню жанчына перамагла з гэтай ініцыятывай у конкурсе сацыяльных праектаў ад IDEA Generation Camp. Дзякуючы перамозе яна змагла выдаць памятку і арганізаваць у Фаніпалі некалькі сустрэч па правілах паводзінаў з сабакамі: у Фаніпальскай гімназіі, а таксама у філіяле дзяржаўнай установы «Дзяржынскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Фаніпалі». Цяпер Святлана таксама адкрытая для прапаноў сустрэчаў, дзе з задавальненнем распавядзе пра свой праект.

Асноўныя правілы паводзінаў з сабакамі:

Сацыяльна-асветніцкі кіналагічны фестываль «ДогФэст» — ініцыятыва Цэнтра аматараў жывёл «ЛАВБРИЛ», якую падтрымлівае Фаніпальскі гарадскі выканаўчы камітэт. Асноўная мэта мерапрыемства — павысіць культуру сабакаводства ў нашым грамадстве, папулярызаваць здаровы лад жыцця с чатырохногім сябрам, здаровую экалогію і чысціню навокал. Дапамагчы людзям лепш разумець сабак і такім чынам пазбегнуць канфліктаў з імі. Тут можна паглядзець на выступы сабак, атрымаць бясплатныя кансультацыі беларускіх кінолагаў, ветэрынараў, грумераў і іншых спецыялістаў па сабаках. Наступны «ДогФэст» плануецца 20 верасня 2020 года.

Звязацца са Святланай Брылеўскай па пытаннях памяткі бацькам «Правілы паводзінаў з сабакамі», а таксама валанцёрства на «ДогФэст-2020» можна па тэлефоне +375-296-75-76-72 (вайбер, ватсап, тэлеграм) альбо па электроннай пошце: lavbril@mail.ru.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула