Блогер «Шэры кот» атрымаў ужо 60 сутак арышту
Паводле звестак праваабаронцы Паўла Левінава, відэаблогер Дзмітрый Казлоў, вядомы пад нікам «Шэры Кот», ужо тройчы асуджаны за кратамі паводле ч.3 арт.23.34 КоАП, паведамляе Радыё Рацыя.
Хлопец трапіў у аршанскі ізалятар часовага ўтрымання 26 снежня мінулага года. 9 студзеня яго чакалі пасля 15-суткавага арышту. Але на волю ён так і не выйшаў, бо якраз у той дзень суд Воршы і Аршанскага раёну пастанавіў пакараць яго наступным, другім запар 15-суткавым арыштам — за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленай інтэграцыі» 21 снежня. На наступны дзень, 10 студзеня, яго зноўку судзілі, цяпер за ўдзел у мінскіх пратэстах 20 снежня. Пастанова суду — трэці арышт на 15 сутак. 13 студзеня судовы канвеер працягваўся, і Дзмітрый Казлоў быў асуджаны на 15 сутак ужо чацвёрты раз — за заклікі ў сацыяльных сетках на сход у Мінск 29 снежня. Такім чынам, за кратамі «Шэры Кот» мусіць адбыць 60 сутак.