«Сустракацца часта — гэта добра»
Не толькі дзеля сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам Аляксандр Лукашэнка лётаў у Маскву.
Фота БЕЛТА
Вечарам у пятніцу Аляксандр Лукашэнка такі сустрэўся з прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Напярэдадні заяўлялася, што беларускі кіраўнік ляціць у Маскву дзеля сустрэчы з Патрыярхам Маскоўскім Кірылам. Пра магчымую сустрэчу з Мядзведзевым нічога не паведамлялася.
Сустрэча адбывалася не ў Белакаменнай. Расійскі лідэр выклікаў Лукашэнку для размовы ў загарадную рэзідэнцыю «Горкі». Гэта ўжо трэцяя сустрэча двух кіраўнікоў цягам месяца. Першая адбылася ў Завідава 19 сакавіка, другая — у Сочы 21 сакавіка. Цяпер вось адбыўся працяг.
Афіцыйны сайт Дзмітрыя Мядзведзева пра сустрэчу быў вельмі лаканічны:
«Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі вынікі саміта «Групы дваццаці» і пытанні двухбаковых стасункаў».Гэта ўсё.
Афіцыйная БЕЛТА распісала крыху больш. «Сустрэчы кіраўнікоў Расіі і Беларусі даюць імпульс рашэнню многіх нявызначаных пытанняў. Нашы сустрэчы актывізуюць чыноўнікаў, трымаюць іх у тонусе. Напярэдадні вырашаюцца многія пытанні, якія здаваліся непераадольнымі да сустрэчы», — заявіў Лукашэнка.
Потым кіраўнік Беларусі падзякаваў Мядзведзеву за тое, што ён знаходзіць час для частых сустрэч. «Мы блізкія людзі, і было б глупа не сустрэцца».
Мядзведзеў жа са свайго боку зазначыў, што
«сустракацца часта — гэта добра, гэта азначае тое, што мы заўсёды можам зверыць гадзіннік па многіх пытаннях».А ў «прэзідэнтаў заўсёды ёсць пытанні, па якіх ёсць рэзон параіцца, і мы гэта рэгулярна робім».
Варта адзначыць, што самымі балючымі пытаннямі ў беларуска‑расійскіх стасунках з’яўляецца прызнанне ці непрызнанне нашай краінай незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, а таксама выдзяленне Беларусі новых крэдытаў. Найхутчэй, што і ў Горках закраналіся гэтыя тэмы.