Валанцёры, якія дапамагалі каля ЦІП на Акрэсціна, сталі згортваць лагер
Фота Дар'і Буракінай
Валанцёры, якія на Акрэсціна арганізавалі «гарадок» дапамогі для затрыманых падчас акцый пратэсту, пачалі прыбіраць лагер. Яго, удакладнілі суразмоўцы, не прыбіраюць цалкам, а толькі скарачаюць — змяншаюць колькасць валанцёраў, мэблю, абсталяванне, піша Tut.by
Прычына, кажуць валанцёры, у тым, што амаль усе затрыманыя адпушчаныя, і таму каля ЦІП амаль не засталося сваякоў. Тым не менш ля ізалятара застаюцца меддапамога, адвакаты, палявая кухня, псіхолагі — але мінімум прадстаўнікоў.
Як распавядалі раней валанцёры, «гарадок» дапамогі пачаў фармавацца ў канцы мінулага тыдня. Тут працавала некалькі сектараў — палявая кухня, псіхолагі, медыкі, адвакаты. Вадзіцелі прапаноўвалі бясплатна адвезці дадому. Акрамя таго, людзі тут маглі пагаварыць са святарамі розных канфесій. Падтрымку тут атрымлівалі затрыманыя, якія выходзяць на свабоду, іх родныя і тыя, хто, адседзеўшы ў камеры некалькі сутак, зноў вяртаецца да сцен цэнтра.