У Беларусі запусціўся сэрвіс таксі Bolt — эстонскі канкурэнт «Яндэкса»
З 23 снежня ў Мінску ў тэставым рэжыме даступныя паслугі еўрапейскай транспартнай платформы Bolt.
Наступныя 6 месяцаў сэрвіс адмовіцца ад традыцыйнай камісіі, якая будзе пераразмеркавана паміж пасажырамі і кіроўцамі: першыя стануць плаціць нашмат менш, а другія, наадварот, больш зарабляць.
Стандартны тарыф складае 25 капеек за кожны кіламетр і 8 капеек за кожную хвіліну. Мінімальны кошт паездкі — 3 рублі. Праўда, у тэставы перыяд у дадатку не будзе магчымасці прывязаць банкаўскую картку, але аплата як наяўнымі, так і картай магчымая ў аўтамабілях партнёраў-перавозчыкаў.
***
Bolt быў створаны ў 2013 годзе і першапачаткова працаваў у Таліне і Рызе. Цяпер кампанія ахоплівае 40 краін. Bolt дазваляе выклікаць таксі (працуе як Uber) і прыватных кіроўцаў. У верасні 2018 года кампанія прапанавала яшчэ і электрычныя скутэры, пазней запусціла сэрвіс па дастаўцы ежы.