«Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы». Рэакцыя польскага боку на масавую калону мігрантаў у Брузгах
8.11.2021 / 12:40
Да пераходу Брузгі, што на мяжы з Польшчай, сёння калонай прыйшлі сотні мігрантаў. Яны ішлі проста па трасе, але потым людзьмі ў вайсковай форме з сабакамі былі скіраваныя ў лес. Такога арганізаванага шэсця падчас мігранцкага крызісу ў краіне яшчэ не было.
Віцэ-міністр замежных справаў Польшчы Пётр Ваўжык у эфіры Польскага радыё сказаў, што сёння на мяжы з Польшчай рыхтавалася вялікая правакацыя.
— Па той бок мяжы ёсць жаданне выклікаць вялікі інцыдэнт, пажадана са стрэламі і смярцямі, — сказаў ён у эфіры Польскага радыё. — Выглядае, што там будзе спроба сілавога пераходу мяжы.
Чытайце таксама:
Вялікі натоўп мігрантаў прыйшоў да беларуска-польскай мяжы. Што адбываецца?
Прэс-сакратар міністра-каардынатара спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын у Twitter напісаў пра падрыхтоўку масавага штурму польскай мяжы:
«Вельмі трывожная інфармацыя з мяжы. У Беларусі, недалёка ад мяжы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Яны толькі што рушылі ў бок польскай мяжы. Яны паспрабуюць масава прайсці ў Польшчу. У групе большасць — маладыя мужчыны. Пачалася найбуйнейшая спроба сілавога ўварвання ў Польшчу».
«Дадатковая інфармацыя сведчыць аб тым, што групоўка знаходзіцца пад строгім кантролем узброеных беларусаў. Яны вырашаюць, у якім напрамку пойдзе група», — дадаў ён.
Польскі бок запэўнівае, што кіруюць калонай мігрантаў беларускія вайскоўцы.
Суразмоўцы з сілавых ведамстваў паведамілі парталу wPolityce.pl, што службы былі гатовыя да новай эскалацыі.
«Мы падрыхтаваныя. На працягу некалькіх дзён мы назіраем за перамяшчэннем мігрантаў і актывізацыяй беларускіх службаў. Мы назіраем за імі. Мы ўсведамляем, што Лукашэнка больш канцэнтравана «выпускае» імігрантаў з гарадоў і пераводзіць іх на мяжу. Мы над імі «лятаем». Ні кроку назад», ‒ сказаў суразмоўца.
Міністр абароны Польшчы Марыуш Блашчак паведаміў, што 12 тысяч польскіх вайскоўцаў прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць для абароны мяжы. Раней паведамлялася, што на польскай мяжы сканцэнтравана 9 тысяч польскіх вайскоўцаў.
Сёння Польшча правядзе тэрміновую антыкрызісную нараду па сітуацыі з мігрантамі на мяжы з Беларуссю з удзелам прэм’ера-міністра, міністра ўнутраных спраў і міністра абароны Польшчы.