«Вялікая гульня» з Расэлам Кроў
На экранах Менску з'явіўся ўдумлівы грамадска-палітычны дэтэктыў.
Журналіст Кэл Макэфры (Расэл Кроў), які складае артыкул пра забойства дробнага злодзея, выходзіць на вайсковую арганізацыю, якая пляце небяспечныя змовы. Разам з маладой блогеркай (Рэйчэл Макадамс), што цікавіцца свецкімі плёткамі, яны раскрываюць злачынствы, рызыкуючы ўласным жыццём.
«Вялікая гульня» — класічная дэтэктыўная драма, грамадска‑палітычная драма. Рэжысёр кевін Макдональд, папярэдняя стужка якога апавядала пра дыктатара Ідзі Аміна, засяроджваецца не на крыках і піф-пафе (хаця вострыя моманты ў неабходнай прапорцыі прысутнічаюць), а на інтэлектуальным вышуку, сацыяльных адносінах і палітычнае барацьбе. Закручаны сюжэт, які не адпускае ні на хвіліну, барацьба амбіцый — і зацятая пагоня за ісцінай.
Самае каштоўнае ў фільме Макдональда — дакладнасць характараў, трапныя сацыяльныя дэталі — і, сорі, пафас змагання за праўду.
У фільме зладжаны акцёрскі ансамбль. Ёсць герой — стары журналюга, акула пяра, які друкуе тэксты на старэнькім кампе. Самае важнае для героя Расэла Кроў — не шум, а факты і ісціна. Ёсць новая, маладая генерацыя — у выкананні Рэйчэл Макадамс — якая захапляецца скандаламі й тлумам, але пакрысе прыходзіць да сацыяльнай адказнасці. Ёсць бліскуча‑харызматычная Хелен Мірэн — у ролі рэдактаркі газеты і прыгожы Бэн Афлек — у ролі кангрэсмэна.
Карціну варта паглядзець, каб пабачыць якой мусяць быць СМІ ў вольнай краіне. Пасля такой карціны ўсе крыкі беларускіх прапагандыстаў пра гнюсны Захад губляюць сэнс.
Але акрамя ненавязлівага грамадска‑палітычнага выхавання, карціна – добры, удумлівы адпачынак.