«Патрэбная характарыстыка». Чытачка высветліла, як стаць дружыннікам ці выступіць на канцэрце да рэферэндуму
9.02.2022 / 14:31
На прадпрыемствах цяпер праходзяць канцэрты, прысвечаныя рэферэндуму. Таксама тыдзень таму стала вядома, што народныя дружыны могуць прыцягнуць да аховы парадку падчас галасавання. Чытачка «Нашай Нівы» Любоў вырашыла даведацца, як патрапіць у дружыннікі ці выступіць на такім канцэрце.
Канцэрт «Насустрач рэферэндуму» на МАЗе. Фота: maz.by.
Чытачка «Нашай Нівы» патэлефанавала ў адміністрацыю Першамайскага раёна Мінска, і вось што ёй адказаў кіраўнік справамі яе старшыні Аляксей Ванкевіч:
«Каб запісацца у дружыннікі, вам трэба звярнуцца ва ўпраўленне ідэалогіі і культуры. Ці пісьмовы зварот зрабіць. Там вам усё раскажуць, праінструктуюць і замацуюць за пэўным участкам. Патрэбная будзе характарыстыка з месца працы. Калі вы не працуеце, то характарыстыка ад жыхароў дома. Наконт вашага пытання аб канцэрце, прысвечаным рэферэндуму, — дакладна сказаць не магу. Звяртайцеся ў той жа аддзел культуры. Трэба будзе з імі ўзгадніць ваш рэпертуар, выступ».
Намесніца начальніка ўпраўлення і загадчыца сектара культуры Першамайскага раёна Лілія Кавалёва дадала:
«Канцэрты арганізоўваюцца, але яны закрытыя. Яны на прадпрыемствах, у цэхах, для працаўнікоў. Для жыхароў будуць канцэрты толькі з 27 лютага. У нас замацаваныя канцэртныя праграмы за кожнай установай. Давайце, вы да нас прыйдзеце і мы з вамі ўсё абмяркуем. Напішыце мне проста план, што вы хочаце выканаць».
Нагадаем, рэферэндум па зменах у Канстытуцыю пройдзе 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. Між тым, сёлета на кабінках для галасавання не будзе шторак. Іх адсутнасць патлумачылі супрацькавіднымі мерамі. Таксама не змогуць галасаваць і беларусы замежжа: МЗС заявіў, што ў пасольствах не будуць ствараць выбарчыя участкі.
Святлана Ціханоўская і дэмакратычныя сілы заклікаюць беларусаў прыходзіць на выбарчыя ўчасткі і ставіць два крыжыкі ў бюлетэнях.