Як перасякаць украінскую мяжу ў новых умовах? Парады ад Беларускага дома ва Украіне
12.02.2022 / 21:5
Некаторых беларусаў дадаткова правяраюць, некаторых проста не прапускаюць. Беларусь упусціла на сваю тэрыторыю расійскія войскі, таму Украіна ўвяла спецыяльны кантроль для беларусаў, што прыязджаюць у краіну. Колькі будзе дзейнічаць кантроль, не паведамляецца. Беларускі дом ва Украіне тлумачыць, як можна павялічыць свае шанцы на перасячэнне мяжы.
Фота: dpsu.gov.ua
«Для любога замежніка абавязковы ПЛР-тэст альбо сертыфікат аб вакцынацыі [расійская вакцына «Спутнік» не пасуе — НН] і страхоўка з пакрыццём выпадкаў захворвання на каранавірус», — рэкамендуе Беларускі дом.
Ёсць яшчэ спіс дадатковых дакументаў. Гэта:
1. Дакументы, якія пацвярджаюць мэту ўезду (самае асноўнае).
2. Пацверджанне наяўнасці фінансаў для здзяйснення паездкі (наяўныя або выпіска з банка).
3. Наяўнасць зваротнага квітка з Украіны.
«Акрамя дакументаў, важна быць гатовым да адказаў на пытанні пагранічнікаў. Важна правільна заявіць мэту ўезду ва Украіну, — гаворыцца ў рэкамендацыі. — Прыклад: калі для выезду з Беларусі вы дэкларавалі, што едзеце ў санаторый, а на самай справе ўцякаеце ад рэпрэсій, то на ўкраінскай мяжы трэба казаць як ёсць.
Украіна зараз знаходзіцца ў перадваенным стане. Калі вы едзеце з краін ЕС альбо плануеце турыстычную паездку, раім устрымацца ад візіту да разрадкі сітуацыі на мяжы з Расіяй і Беларуссю. У іншым выпадку патрэбна падрыхтаваць максімальны пакет дакументаў для ўезду і быць маральна гатовымі да адмовы.
Калі вы заязджаеце з Беларусі ці Расіі і вам пагражае небяспека, то рэкамендуем аб планаваным перасячэнні мяжы паведаміць праваабаронцам альбо нам у бот: @bdu_infobot. Пры сабе пажадана мець дакументы, якія пацвярджаюць рэпрэсіі з боку ўладаў РБ, і быць маральна гатовымі папрасіць палітычны прытулак у пункце пропуску. Пры магчымасці, раім выбраць іншую краіну для хуткага выезду з Беларусі (напрыклад, Грузія ці краіны ЕС).
Калі вы ўжо знаходзіцеся на тэрыторыі Украіны, але патрапілі сюды нелегальна (у абыход пункта пропуску) і плануеце «здавацца», то рабіце гэта ў суправаджэнні праваабаронцаў і паведаміўшы прадстаўнікам беларускай дыяспары.
Сачыце за навінамі і ацэньвайце ўсе магчымыя рызыкі пры планаванні візітаў».