БЕЛ Ł РУС

«Рыхтаваўся жыць ва ўяўнай Беларусі: з Кастрычніцкай, парай вясковых фэстаў». Гутарка з Андрусём Такіндангам

11.06.2022 / 9:3

Nashaniva.com

Сольныя выступы і адчуванне галізны на іх. Выступы на панк-сквотах і касцельных фэстах. Наступствы 2020 года і магчымая пасада ў міністэрстве адукацыі… Пра сваё жыццё праекту «1906» распавёў музыка і мастак Андрусь Такінданг.

Андрусь Такінданг: «Калі выходжу на сцэну адзін, без музыкаў, то адчуванне, быццам голы стаю перад натоўпам». Фота: www.facebook.com/almanah.monolog

«1906»: Шчыра кажучы, збіўся, калі пазначаў колькасць праектаў, у якіх вы бралі ўдзел. Самі дакладную лічбу ведаеце?

Андрусь Такінданг: А давайце падсумуем разам. Найперш, канечне, гурт Recha — пачалі граць яшчэ дзесьці з 2002 года. Паралельна ўзнік праект Harotnica, які адрозніваўся ад «папярэдніка» канцэпцыяй, музыкай, формай. Гэта звычайная справа, калі беларускія артысты ствараюць, працуюць альбо граюць у розных праектах. І для бытавога выжывання плюс, і для творчай разнастайнасці.

Пасля разам з Валерыяй Валадзько рабілі дзіцячыя песні — нават сёння з імі рэгулярна выступаем. Згадаю і супрацоўніцтва з музыкам Алесем Ясінскім пад назвай Hostel, калі ў Празе запісалі адмысловы альбом пасля абмену творчымі ідэямі. Вось, бадай усё, што далучыў бы да афіцыйнай дыскаграфіі (пасміхаецца).

Новыя пункты ў спісе? Не, пакуль няма — працую з тым, пра што згадаў. Дый цяпер такі час, калі часцей даводзіцца граць самому, без музыкаў — бягучымі днямі, напрыклад, выбраўся ў Польшчу, каб удзельнічаць з сольный праграмай у фэсце інтэлектуальнай кнігі «Прадмова». Далей разам з Валерыяй плануем выступіць з дзіцячымі песнямі, а пасля запланаваны фэст у Чэхіі, дзе да мяне далучыцца адзін з музыкаў «Recha».

«1906»: Больш камфортна сябе адчуваеце ў гурце ці калі ладзіце перфоманс сам-насам з аўдыторыяй?

АТ: Акустычныя канцэрты ладзяцца не ад добрага жыцця (пасміхаецца). Перакананы, што ўсе нашы музыкі, якія граюць цяпер без бэндаў — Зміцер Вайцюшкевіч, Лявон Вольскі, Іван Кірчук — робяць гэта з-за складаных эканамічных ды лагістычных рэалій. Далёка не ўсе арганізатары імпрэз сёння здольныя запрасіць гурт цалкам з-за грашовых выдаткаў. Візавыя пытанні таксама дадаюць галаўнога болю. Але, калі хочаш быць у музыцы, усё адно даводзіцца граць. На жаль, мы не можам сыходзіць у творчы адпачынак на паўгода—год без наступстваў для жыцця. Таму прыдумляем нешта, выкручваемся.

Для мяне сольныя выступы заўсёды былі праблематычнымі. Упэўнены ў сваіх музыках на сто адсоткаў: усім кажу, што гэта найлепшыя людзі з магчымых як па характары, так і па прафесійных якасцях — і мне пашчасціла з імі супрацоўнічаць. Таму, калі выходжу на сцэну адзін, без іх, то адчуванне, быццам голы стаю перад натоўпам.

Тады імкнуся больш размаўляць з аўдыторыяй, даю пэўны ўхіл у бок тэкстаў. Карацей, шукаю спосабы спрасціць ціск ды чамусьці навучыцца нават у такіх складаных абставінах.

На гэты конт ёсць гісторыя, дарэчы. Паехаў неяк па Германіі з гастролямі: Берлін, Магдэбург — такія андэграўнд-канцэрты больш для тамтэйшай аўдыторыі, чым для беларусаў. Праходзілі яны ў сквотах ды камунах з адпаведнай аўдыторыяй: панкі, анархісты… Я па-нямяцку не размаўляю, яны, відавочна, не знаёмыя з беларускай мовай. Таму атрымаўся спецыфічны досвед: стаіш перад чужымі людзьмі, адзін, у руках інструмент, спрабуеш спяваць-граць. Людзі прымалі, слухалі. Але гэта быў пэўны чэлендж. Апынуліся б побач музыкі, зразумела, праграма пайшла б больш насычаная, а там і танцы з людской раскаванасцю — толькі пытанне часу. Але замест занурэння ў творчасць давялося быццам іспыт здаваць. Таму і кажу: калі хочаш быць музыкам, то мусіш прыстасоўвацца да самых нечаканых абставін.

«1906»: Вы цяпер сябе больш успрымаеце музыкам, мастаком ці літаратурным творцам?

АТ: Насамрэч, залежыць ад праекта, у якім заняты, на што ёсць запыт. Быў перыяд, калі некалькі месяцаў правёў у гастролях, і тады пераважала музыка. Пасля рабіў арт-праект — ілюстрацыі да дзіцячых казак. Адпаведна, большасць часу аддаваў мастацтву. Цяжка неяк натуру падзяляць, бо блізкая творчасць любога кшталту, калі яна шчырая і ідзе ад сэрца.

Ведаеце, калі пачынаў кар'еру, чуў ад людзей: «Андрусь, мо варта ўжо вызначыцца ды крочыць выключна па адным шляху, каб стаць віртуозным музыкам альбо пайсці ў Саюз мастакоў ды начапіць берэт, каб адпавядаць канону?» Але я веру, што існуе і такі варыянт, пры якім увесь час шукаеш нешта новае ў любой галіне творчасці — і дамагаешся поспеху. Хай сабе пры гэтым музыка з мастацтвам будуць спецыфічным, «на аматара».

«1906»: Наколькі вам зручна ў ролі мастацкага кіраўніка цэлага згуртавання? Бо прыгадваю часы Harotnica, якая моцна выбухнула і выступала на вялікіх сцэнах кшталту Open'er Festival. Там вас успрымаў менавіта як сапраўднага боса.

АТ: Ох, не маё гэта амплуа (смяецца). На самой справе, гурт Harotnica ў пашыраным складзе — дзесьці чалавек восем: духавая секцыя, гітара, бубны, бас. І найбольш перажывала за арганізацыю працы наша салістка Валерыя. Яна чалавек прафесійны, адказны, таму ўвесь час пераймалася, каб людзі не згубіліся, своечасова прыйшлі на рэпетыцыю, каб знаходзіліся ў годных кандыцыях. Я ж наадварот у нейкі момант зразумеў, што неабходна проста адпусціць сітуацыю: маўляў, хай яно само расце і развіваецца — што будзе, тое будзе.

І мы так існавалі ажно пакуль не разваліліся, бо не вытрымалі ўласнай разнастайнасці. Вялікі калектыў — гэта весела як на сцэне, гэтак і ў жыцці. Але ў кожнага свой характар, звычкі, прыярытэты. І файна, калі ад таго, што робіш, людзі хочуць радасці ды пазітыву. Але музыка часамі — нудная праца, калі трэба быць пунктуальным, шмат чым ахвяраваць. У нас жа ўдзельнікі калі-нікалі больш нагадвалі дзяцей: адзін згубіў інструмент, іншы сам згубіўся…

Памятаю, як Валерыя плакала ды пераймалася ад таго, што нехта спазняецца, а іншы ўвогуле не прыходзіць. Таму ў пэўны момант прыйшлі да высновы — трэба спыняць супрацоўніцтва. Узялі даўжэзную паўзу, пасля якой аднавіліся ў трыа Harotnica mix: Эрык Арлоў, Валерыя ды я. Гэта ўжо іншы вайб, іншая музычная атмасфера — больш аскетычная, больш эксперыментальная.

Але, па шчырасці, я не той чалавек, які здольны грукаць кулаком па стале, уздымаць голас. Лічу, што гэта хіба, бо часам у калектыве мусіць быць такі рухавік, які здольны музыкаў застрашыць альбо заахвоціць. Даю сабе справаздачу, што функцыі такога кшталту не заўсёды годна выконваў.

«1906»: Вы часта выступаеце на рознага кшталту касцельных святах. Што для вас рэлігія?

АТ: Пачну крыху здалёк — з першага фэсту падобнага кшталту, куды нас запрасілі. Выступалі ў вёсцы Лучай, дзе пробачшам у касцёле быў ксёндз, які штомесяц ладзіў імпрэзы. Туды завітвалі Вольскі, Вайцюшкевіч, Шалкевіч, Камоцкі, Паліна Рэспубліка, N.R.M. з Пітам Паўлавым… Калі з гуртам Recha таксама атрымалі запрашэнне, здзівіліся: «А што, так увогуле можна?». Бо мы гралі музычку забаўляльную, зусім не звязаную з рэлігіяй. Таму меліся сумневы, ці будзем да месца. Але калі туды завіталі, пытанні адпалі самі сабой.

Уявіце: простая вёсачка, касцёл, мясцовая моладзь, бабулі — і перад імі выступае Вольскі. А пасля ладзіцца сапраўднае фаер-шоў, байкеры, гук адпаведны, фарбы… Прыблізна сем гадоў такое жыццё ў Лучаі віравала. І вось гэта мне дало магчымасць з іншага боку паглядзець на касцёл. Бо звычайна падзяляў: ёсць справы рэлігійныя, калі ідзеш на імшу ў нядзелю, а ёсць будзённае, калі выпраўляешся, напрыклад, на рок-канцэрт. Аднак аказалася, што сусветы гэтыя могуць суіснаваць ды рабіць чалавека цэльным.

«1906»: Вось вы кажаце пра непадзельнасць жыцця. Аднак падзеі 2020 года павінны ж былі прывесці да дыхатаміі…

АТ: Да 2020 года мы выступалі на розных фэстах: рэлігійных, экалагічных, пацыфісцкіх. Мелі эфіры на беларускім радыё. Гралі лёгкую музыку: з простымі словамі, гармоніямі, што не патрабуюць ад слухачоў дадатковай падрыхтоўкі. Пасля вандравалі па любым Мінску з думкамі: ну файна ж — кавярні працуюць, моладзь прыгожая, творчыя праявы не горшыя за той Берлін…

Але ўнутры заўсёды адначасова прысутнічала адчуванне несвабоды. Быццам мы да нейкага пэўнага моманту знаходзімся ў парніку. І пакуль нешта не здарыцца, усе гэтыя цуды кшталту «Арт-Сядзібы», фэстаў, творчых сустрэч будуць існаваць. Але дастаткова штуршка, каб палац з крышталю ператварыўся ў руіны. І ты наўпрост чакаў гэтага «моманту ікс», бо разумеў: пры далейшым развіцці паралельных сусветаў унутры Беларусі яны не здолеюць суіснаваць.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Andrus Takindang (@takindang)

Так і адбылося ў 2020-м, калі выявілася праўда. З аднаго боку, горкая, бо мы жахнуліся жорсткасці ды гвалту. Але з іншага боку, беларусы пабачылі, колькі ўсяго ўтварылася, колькі вырасла годных людзей, якія здольныя даваць адэкватную ацэнку рэчаіснасці. І ўсё гэта дзякуючы «Мова Нанова», незалежнай прэсе, канцэртам, фэстам, беларускім кнігам…

Я ўжо рыхтаваўся пражыць жыццё ва ўяўнай Беларусі: з Кастрычніцкай вуліцай, парай бараў на Зыбіцкай з беларускамоўнымі сябрамі, парай-тройкай вясковых фэстаў, дзе ўсе ўсё будуць разумець, а нам застанецца толькі граць-спяваць. Але гэта будзе крышталёвы палац пасярод таталітарнай дзяржавы…

Аж не! На дзіва аказалася, што гэта не мая зона камфорту ці ўнутраная эміграцыя, а наша Беларусь, нашы агульныя мары пра будучыню! І тое, што лічыў уласным скарбам — кнігі Караткевіча, пласцінкі N.R.M. ці «Новага неба» — выявілася агульнанацыянальнымі каштоўнасцямі. Таму казаць, што 2020-ы нешта раздрабіў… Наадварот, ён аб'яднаў людзей і шмат што ім патлумачыў.

«1906»: У новай Беларусі ці прывабілі б вас пасады міністра адукацыі альбо культуры? І якія б змены ажыццявілі ў першую чаргу?

АТ: Ой, не, крый божа (смяецца)! Мая справа — карцінкі маляваць, песенькі спяваць ды з дапамогай гэтага здзяйсняць змены. Увогуле лічу, што пачынаць можна наўпрост з сябе, для гэтага не абавязкова быць чыноўнікам. Дастаткова казаць людзям: вы існуяце і гэтае існаванне важнае. Калі прыязджаеш у вёску ці мястэчка на канцэрт, абавязкова трэба засведчыць і давесці кожнаму: тваё жыццё мае значэнне. Глядзі, прыехалі артысты, а ты набыў квіток ды прыйшоў на імпрэзу — ты важны для іх, ты існуеш, ты асоба, вартая павагі, а не нейкі там шруб.

Перакананы, што кожны чалавек мае сваё асаблівае хараство, непаўторнасць. Кожны чалавек — сапраўдны скарб. Пра гэта варта казаць са школы, малым дзецям. Што яны не проста гарматнае мяса ці нейкія функцыі ў дзяржаве, а скарб для краіны, для людзей навокал.

На жаль, у нас гэта часта забіраюць — і саромеемся быць беларусамі, самімі сабой, шчаслівымі, разняволенымі. Часта мяркуем, што не вартыя лепшай долі, ды існуём у злосці альбо нянавісці. Таму нам патрэбная ўсеагульная псіхатэрапія. У 2020-м быў зроблены да яе першы крок, калі беларусы падумалі пра ўласныя годнасць ды права на радасць.

Посмотреть эту публикацию в Instagram

Публикация от Andrus Takindang (@takindang)

Не ведаю, як на пасадзе міністра адукацыі даводзіць да людзей, што яны маюць права радавацца. Але ўсё пачынаецца з таго, што мусіш ставіцца да тых, хто слабейшы — да дзяцей, школьнікаў, падначаленых — як да роўных. Каб яны спрачаліся з табой, выказвалі альтэрнатыўныя погляды і думалі вольна, не зашорана.

«1906»: Чаго бракуе Андрусю Такіндангу, каб назвацца шчаслівым чалавекам?

АТ: Цяпер такі вар'яцкі час, што проста хочацца, каб перасталі забіваць людзей, каб перасталі лётаць ракеты. Каб пачуццё бяспекі вярнулася да ўсіх нас: пачынаючы ад сваякоў, сяброў, знаёмых і да апошняга чалавека ў Беларусі. Каб знікла прычына страху. Вось у гэтым і будзе шчасце.

Чытайце таксама:

«Нехта скажа: залез пад плінтус. А я стараюся не загразнуць у багне». Шчырая гутарка са Змітром Вайцюшкевічам

«Калі мы казалі «было б ідэальна працаваць у Еўрасаюзе», то мелі на ўвазе зусім не гэта». Вялікая гутарка з лідарам J:Морс Уладзімірам Пугачам

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула