Гомельскія чыноўнікі выдалілі справаздачу, у якой выпадкова прызналі масавыя расстрэлы ў 1937-м
Нядаўна гомельскае Упраўленне капітальнага будаўніцтва апублікавала справаздачу аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе будаўніцтва дарогі. На схеме былі абазначаныя дзве брацкія магілы ахвяр сталінскіх рэпрэсій 1937 года.
Скрыншот са справаздачы
Пазней чыноўнікі і дзяржаўныя газеты сталі аспрэчваць гэтую інфармацыю. Наракалі на памылкі праекціроўшчыкаў і пераконвалі, што расстрэлы 1930-х — дробязь у параўнанні з тым, што рабілі нацысты, а таму не вартыя ўвагі.
Цяпер справаздачу з сайта выдалілі наогул.
У арганізацыі «Экадом» звяртаюць увагу на тое, што ўтойванне інфармацыі — гэта парушэнне закона, мясцовыя жыхары маюць права звярнуцца ў пракуратуру. Грамадзянам павінен быць забяспечаны доступ да справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, дакумент мусіць размяшчацца на афіцыйным сайце мясцовых органаў (гэта прапісана ў Палажэнні аб парадку арганізацыі і правядзення грамадскіх абмеркаванняў праектаў экалагічна значных рашэнняў, прынятым Пастановай Саўміна ад 14 чэрвеня 2016 года №458).