БЕЛ Ł РУС

Дызайнерскае ноу-хау. На камбайне «Гомсельмаша» намалявалі выяву топ-менеджара ў абліччы старадаўняга волата

1.12.2022 / 17:55

Nashaniva.com

Незвычайнае дызайнерскае рашэнне распрацавалі ў даччынай кампаніі ААТ «Гомсельмаш», размешчанай у Бранску. Дызайнеры на гомсельмашаўскім камбайне намалявалі выяву рэальнага чалавека ў вобразе волата. Выданне «Флагшток» высветліла, хто гэта такі.

АТ «Брансксельмаш» робіць зборку гомельскіх камбайнаў для расійскага рынку.

Новае іх афармленне ўпершыню было прадстаўлена на выставе агратэхнікі «Аграсалон—2022», якая праходзіла ў пачатку кастрычніка ў Маскве. На корпусе мадэляў GS12 і FS80 былі намаляваныя сярэднявечныя волаты Перасвет і Дабрыня з сучасным сцягам Расійскай Федэрацыі.

А пасля гэтага дызайнеры завода вырашылі развіць тэму ў нечаканым кірунку. На выставе «ПоўдзеньАгра—2022», якая адбылася ў лістападзе 2022 года ў Краснадары, на мадэлі камбайна GS12 быў намаляваны волат Ерамей, у вобразе якога лёгка адгадваюцца рысы твару дырэктара ТАА ГД «Палессе-Поўдзень» Дзмітрыя Яроменкі.

Гэтая кампанія — афіцыйны дылер «Гомсельмаша» ў Паўднёвай і Паўночна-Каўказскай акругах РФ.

«Флагшток» паспрабаваў знайсці аналагічныя прыклады з дызайнерскай практыкі, але беспаспяхова.

Малюнак не вядомага шырокай публіцы топ-менеджара на корпусе камбайна, падобна, з'яўляецца абсалютнай навінкай для машынабудавання. Ці дасць гэта нейкі плён для павелічэння ўзроўню продажу камбайнаў, пакажа час.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула