Пракуратура паклікала беларусаў каяцца. Але праз спешку выдала адказнага за сайт супрацоўніка
9.02.2023 / 20:4
У аўторак быў зарэгістраваны сайт, на які трэба пісаць лісты ахвотным вярнуцца з-за мяжы.
Пасля стварэння камісіі «па вяртанні эмігрантаў» Генпракуратуры спатрэбіўся рэсурс, які будзе прымаць звароты — быў зарэгістраваны дамен па адрасе komissia-dom.by.
З сайтам настолькі спяшаліся, што ў рэестры зарэгістраваных даных запісаны асабісты нумар адказнага за яго супрацоўніка. Гэтыя даныя лёгка можна схаваць, але, відаць, пра гэта забыліся.
Скрыншот з інфармацыяй пра ўладальніка дамена
Адказнага супрацоўніка клічуць Сяргей Смірноў. Яму 37 гадоў, ён нарадзіўся ў Слуцкім раёне. Пасля пераехаў у Мінск, скончыў фізічны факультэт Педуніверсітэта і ўладкаваўся ў суд Мінскага раёна. Там ён быў кансультантам — на гэтай пасадзе звычайна займаюцца рознай папяровай працай (адказамі на звароты, упарадкаваннем дакументаў і іншымі рэчамі такога кшталту).
Сяргей Смірноў
У 2021 (або 2022) годзе Сяргей уладкаваўся на працу ў Генеральную пракуратуру. Там ён адказвае за тэхнічныя пытанні (ягоны працоўны электронны адрас — it@prokuratura.gov.by). Ён, імаверна, і зарэгістраваў дамен, на які можна слаць звароты пра вяртанне.
Заўважаны ў палітычных рэпрэсіях ён не быў, прынамсі, публічна.
Адметна, што сайт уласна пракуратуры не даступны з-за мяжы, таму азнаёміцца са зваротамі да эмігрантаў наўпрост немагчыма.