На радзіму продкаў прыехаў Дастаеўскі
Нашчадкі класіка рускай літаратуры Фёдара Дастаеўскага, продкі якога паходзілі з беларускага Палесся, упершыню наведалі Беларусь.
Аляксей Дастаеўскі
У Беларусь прыехаў прапраўнук пісьменніка Аляксей Дастаеўскі, яго жонка Наталля і іх дзеці Ганна, Марыя, Вера і Фёдар. Усе яны ў Беларусі ўпершыню.
Аляксей Дастаеўскі па спецыяльнасці філолаг, але працуе капітанам-механікам у флоце Валаамскага манастыра. Знешнасцю ён яўна капіруе свайго славутага продка.
Госці ўжо наведалі Нацыянальную бібліятэку, а таксама запрошаныя на прэм'еру спектакля «Ідыёт» у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Горкага.
Акрамя гэтага, яны збіраюцца з'ездзіць і ў Дастоева Іванаўскага раёна, ад назвы якога паходзіць прозвішча Дастаеўскі. Праўда, сам пісьменнік ніколі там не бываў, ды і колішняя сядзіба не захавалася. Але ў мясцовай школе, якая носіць імя расійскага класіка, працуе музей, дзе сабраныя тысячы экспанатаў.