Настасся Касцюгова адрэагавала на паказанні Пратасевіча: Жаночымі маршамі займалася я, мама ніколі не мела да гэтага дачынення
На судзе, паводле праўладных медыя, Раман Пратасевіч пачаў даваць паказанні. Ён выказаў меркаванне, што арганізатаркай жаночых маршаў была палітолаг Валерыя Касцюгова. Але гэта памылка.
Фота: старонка ў фэйсбуку Настассі Касцюговай
Настасся Касцюгова, дачка затрыманага палітолага, раней не раз расказвала, што была адной з арганізатарак жаночых маршаў.
«Дарагія пракуратура, суд, следчыя і хто там яшчэ. Для пратакола: у інтэрнэце ляжыць мноства розных інтэрв'ю, дзе я цалкам чыстасардэчна прызнаюся, што суарганізацыяй жаночых маршаў займалася я. Мама ніколі не мела да гэтага ніякага дачынення. Як і Пратасевіч», — адрэагавала на публікацыю Настасся Касцюгова ў твітары.
На суд не дапускаюць незалежных журналістаў, таму невядома, якое імя канкрэтна прагучала і хто паблытаў імёны — Пратасевіч ці журналістка «Мінскай праўды», якая запісвала за ім у судзе.
Палітолага Валерыю Касцюгову 6 лютага пачалі судзіць у Мінгарсудзе.