Што менавіта сілавікі правяраюць у смартфонах затрыманых беларусаў і як абараніцца
25.02.2023 / 13:6
«Кіберпартызаны» падрыхтавалі рэкамендацыі на падставе звестак людзей, у якіх надглядалі смартфоны. Сілавікоў цікавіць не толькі Telegram.
Фота: «Кіберпартызаны»
Па звестках «Кіберпартызанаў», сілавікі найперш глядзяць:
- YouTube — падпіскі, лайкі, каментары, захаваныя відэа;
- Telegram — каналы, чаты, кантакты;
- галерэю з фота і відэа са смартфона;
- іншыя сацсеткі.
Таксама яны кажуць, што сілавікі могуць спытацца пра тое, ці чытаеце вы «экстрэмісцкія рэсурсы» і што думаеце пра лукашэнкаўскую ўладу, а таксама — чаму.
Вось што «Кіберпартызаны» раяць зрабіць загадзя:
1. Выйдзіце на тэлефоне з таго акаўнта Google, з якога вы праглядаеце сацыяльна-палітычныя відэа на YouTube. Глядзіце ютуб або без уваходу ў акаўнт (да прыкладу, з браўзера), або заходзьце ў «пратэсны» акаўнт толькі падчас прагляду такога кантэнту.
2. Калі першы пункт выканаць складана, прынамсі выдаляйце відэа з раздзелу «Гісторыя» на YouTube адразу пасля прагляду. Не пакідайце лайкі і каментары з не-пратэснага Google-акаўнта.
3. Таксама можна зрабіць так, каб YouTube не захоўваў гісторыю праглядаў.
4. Выдаліце неананімныя акаўнты ў сацсетках, калі пакідалі з іх лайкі і каментары, за якія могуць затрымаць. Перад гэтым каментары можна выдаліць, а лайкі прыбраць — але калі ён занадта стары, то лепш выдаліць яго ў любым выпадку.
Расказваем, як даведацца, дзе і каму вы ставілі лайкі ў сацсетках, і перастрахавацца
5. Усталюйце Партызанскі тэлеграм і завядзіце ў ім асобны акаўнт для сацыяльна-палітычных каналаў і чатаў. У наладах П-тэлеграма зрабіце так, каб пры ўваходзе ілжывага код-пароля вы выходзілі з «пратэснага» акаўнта і чысціўся ягоны кэш.
6. Наладзьце ў Партызанскім тэлеграме аўтаматычную ачыстку кэшу пры блакаванні праграмы. Інструкцыі па наладжванні праграмы ёсць у канале «П-тэлеграм і кібербяспека».
7. Выдаліце ў галерэі тэлефона ўсе фота і відэа, якія могуць стаць падставай да вашага затрымання. Не забудзьцеся таксама ачысціць іх з папкі «Кошык»/«Выдаленыя».
8. Не стаўце ў якасці застаўкі на смартфоне пратэсныя фота, асабліва калі вы ведаеце пра магчымы хуткі дагляд (напрыклад, пры праходзе мяжы).